4 траўня 2025, Нядзеля, 23:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Чыноўнікі моляцца, каб пакістанцы не прыехалі»

22
«Чыноўнікі моляцца, каб пакістанцы не прыехалі»
ілюстрацыйнае фота

Чаго чакаць у Беларусі ад мігрантаў з ісламскай краіны?

У пачатку красавіка беларусы даведаліся, што ў нашу краіну прыедуць 100-150 тысяч пакістанцаў. Аляксандр Лукашэнка абвясціў аб гэтым на сустрэчы ў Менску з прэм'ер-міністрам Ісламскай Рэспублікі Шахбазам Шарыфам.

Беларусы, як выявілася, да такога не былі гатовыя. Сацыяльныя сеткі пачалі бурліць, а прапаганда кінулася тлумачыць, што «дрэнныя» мігранты - толькі ў Заходняй Еўропе, а да нас прыедуць спрэс працавітыя людзі, якія з часам вернуцца на радзіму.

Нядаўна выданне «Kyky» апублікавала маналог беларускі, якая прызналася, што яе шакавалі планы «высокага начальства»:

«Усё ж узровень адукацыі і культуры тых мужыкоў, якія сюды прыедуць, насцярожвае. Базавае пачуццё бяспекі знікае. Зрэшты, калі і хто адчуваў сябе бяспечна ў Беларусі?».

Праўда, дзяўчына дапускае, што разважае так праз стэрэатыпы, і «ўсё будзе нармальна». «Я даю ім шанец», – кажа беларуска і сцвярджае, што гэтая тэма хвалюе людзей.

«Я нядаўна стаяла на плошчы без навушнікаў і слухала, што абмяркоўваюць мінакі. Чатыры кампаніі дзяўчат ішлі і абмяркоўвалі гэтую навіну. Яны былі напалоханыя».

Ці варта палохацца пакістанцаў?

Кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін у размове з «Белсатам» адзначыў, што пакістанцы – «такія ж людзі, як і мы». Да такой высновы ён прыйшоў дзякуючы даўняму знаёмству з пакістанцам у Маскве:

“Нягледзячы на тое, што чалавек належыць іншаму этнасу, іншай культуры і іншай рэлігіі, высвятляецца, што адрозненняў паміж намі не так шмат. І, можа, якраз на фоне таго, што чаканні не надта высокія, калі сутыкаешся з прадстаўнікамі таго ж Пакістана, надыходзіць станоўчы шок: а яны нармальныя людзі, яны як мы. А часам заўважаеш: яны нават лепшыя за нас, больш культурныя, з вялікай павагай ставяцца да жанчын, што можа здацца парадаксальным».

Спецыяліст у сувязі з гэтым папярэдзіў, што вобразна кажучы, вонкавы свет будзе ціснуць на нашу краіну, і беларусам трэба рыхтавацца да працоўнай іміграцыі:

«Мы існуем у звышдынамічным свеце. Нам добра было б узяцца, скажам так, за розум і пачаць вывучаць гэтыя краіны, для нас абсалютна не знаёмыя, але пры гэтым мы вымушаныя з імі сутыкацца. Прычым мы будзем змушаныя з імі сутыкацца і далей, і чым далей, тым больш. Усё ж такі шарык маленькі, даводзіцца жыць у гэтай супольнасці, якая называецца чалавецтвам».

Дзе больш дэмакратыі - у Беларусі ці Пакістане?

Са слоў Красуліна, у Пакістане гібрыдны дзяржаўны лад, аднак гэтая краіна больш дэмакратычная за Беларусь:

«Там з моманту набыцця незалежнасці даволі складаная палітычная гісторыя, якая была поўная разнастайных дыктатур, у тым ліку вайскоўцаў. Вайскоўцы ўвогуле адыгрывалі і працягваюць адыгрываць даволі значную ролю ў жыцці краіны. Пакістан не толькі на фоне Беларусі, але і на фоне астатніх азіяцкіх краін выглядае дастаткова дэмакратычнай дзяржавай, дзе, прынамсі, апошнія паўтара дзясятка гадоў адбываецца перадача ўлады праз выбары, якія б там ні былі пытанні да гэтых выбараў».

Пры гэтым у цяперашніх уладаў аўтарытарныя замашкі.

«Ніхто не называе Пакістан дэмакратыяй. Гэта, хутчэй, гібрыдны рэжым, дзе ёсць дэмакратычныя інстытуты, прыкметы электаральнай дэмакратыі, але ёсць і вельмі непрыемныя з'явы: прыцягненне войска ў палітычную барацьбу, наяўнасць тэрарыстычнай пагрозы, разнастайныя сепаратысцкія рухі. Пакістан можна назваць краінай на мяжы: яна адной нагой у дэмакратычных чаканнях і марах, а другая нага ўнесеная ў аўтарытарызм, і слабыя парасткі дэмакратыі могуць быць растаптаныя», - адзначае эксперт.

Што ў Пакістане з правамі жанчын?

Сітуацыя з правамі жанчын у Пакістане нагадвае арэлі. З аднаго боку, там могуць забіць за «амаральныя паводзіны», а з другога - урад краіны ў 1990-я двойчы ўзначальвала Беназір Бхута, і гэта быў першы ў найноўшай гісторыі выпадак, калі мусульманскай краінай кіравала жанчына.

«У Пакістане даволі шмат разнастайных плямёнаў, якія арыентуюцца на вельмі сумнеўныя каштоўнасці. Пэўная праблема ісламу - прыватная думка імама, далёка не заўсёды заснаванае на гуманістычных падыходах. У Каране можна знайсці даволі рэзкія выказванні, і калі іх слепа браць і ўжываць у сучасным жыцці, ды яшчэ са сваёй інтэрпрэтацыяй, то можа дайсці, як вось даходзіла ў Пакістане, калі жанчыну проста згвалтавалі групай паводле прысуду мясцовых рэлігійных лідараў. Яны пастанавілі, што жанчына «праштрафілася», і за гэта яе трэба згвалтаваць», - распавядае суразмоўца «Белсату».

Ён тлумачыць, што стаўленне да жанчын у Пакістане адрозніваецца ў гарадах і на перыферыі:

«Калі казаць пра перыферыю, дзе ўсё ж слабы ўплыў адукацыі, слабы ўплыў у агульнай інфармацыйнай прасторы, то жанчыны ў гарадах пачуваюцца бяспечней, камфортней. Тут таксама можна сказаць, што Пакістан - краіна кантрастаў».

Разам з мігрантамі прыедуць наркотыкі?

Пакістан – буйная транзітная краіна наркотыкаў, якія вырабляюцца ў суседнім Афганістане. І Красулін не выключае, што працоўныя мігранты, якія збяруцца ехаць у Беларусь, паспрабуюць зарабіць лёгкія грошы:

«Так званы залаты паўмесяц з вялікімі плантацыямі опіумнага маку прыпадае ў тым ліку на тэрыторыю Пакістана. Вядома ж дзяржава не мае да гэтага дачынення, аднак краіна - адно з істотных звёнаў у ланцугах вытворчасці наркотыкаў і паставак у іншыя краіны. Таму існуе імавернасць, што сярод асоб, якія едуць за мяжу, знойдуцца тыя, хто захоча вось такіх лёгкіх грошай – лягчэйшых, чым заробленыя ў доктарскім кабінеце, на будоўлі ці ў беларускай тэкстыльнай прамысловасці».

Галаўны боль для беларускіх чыноўнікаў

Гісторык упэўнены, што чыноўнікі, якіх Лукашэнка прызначыў адказнымі за прыём і ўладкаванне пакістанцаў, не будуць рады іх прыезду. Адна з праблем - моўны бар'ер. Афіцыйная мова ў Пакістане – ангельская, аднак ці шмат беларускіх чыноўнікаў ёй валодаюць?

«Для беларускіх чыноўнікаў надыходзяць цяжкія часы. Яны зараз моляцца, каб толькі гэтыя пакістанцы не з'явіліся ў іх, бо яны проста не ведаюць, што рабіць. Беларусь абсалютна не падрыхтаваная да гэтага. Калі прыедуць работнікі з сем'ямі - дзе інфраструктура: дзіцячыя садкі, школы, паліклінікі? Ну добра, праца для жанчын неабавязковая, добра, калі мужчынам будуць плаціць столькі, каб можна было жыць», - разважае Красулін.

Яшчэ адна праблема - харчаванне. «Яны не пойдуць па свініну ў краму, спатрэбіцца ялавічына, халяль павінен быць», - адзначае суразмоўца «Белсата».

Пакістанскі складнік беларускай нацыі

«Выраз Лукашэнкі аб павароце на Усход зайграў новымі фарбамі», – мяркуе Красулін. З яго слоў, дыктатар спрабуе «пабудаваць новую ўсходнюю нацыю» і разбавіць насельніцтва Беларусі «людзьмі, якія не будуць бунтаваць».

«Аднак людзі ўсюды аднолькавыя. І Лукашэнка мог у гэтым пераканацца ў Ісламабадзе летась, назіраючы набліжэнне натоўпаў пратэстоўцаў да цэнтра горада. Флэшбэкі 2020 года ў яго там гарантавана былі», – падсумаваў гісторык.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках