Менчукі перасталі хадзіць у кіно
41- 4.05.2025, 16:14
- 4,874

Жыхары сталіцы наведваюць кінатэатр утрая радзей.
Наведвальнасць кінасеансаў па ўсёй Беларусі застаецца ўдвая ніжэйшай за дапандэмійны ўзровень. А ў Менску, дзе крызіс выявіўся найбольш востра, адставанне яшчэ мацнейшае, пры гэтым аднаўленчы рост спыніўся, піша сайт «Беларусы і рынак».
Паводле звестак Белстата, беларусы ў 2024 годзе 5,45 млн разоў наведалі кінатэатры - гэта на 4% больш, чым было годам раней. Аднак рост наведвальнасці назіраецца ў рэгіёнах, тады як у Менску тэндэнцыя адваротная - тут у кіно схадзілі на 68 тысяч разоў менш, чым у 2023-м.
Характэрна, што праз пяць гадоў пасля ўспышкі каранавіруса ўзровень наведвання кіно па ўсёй Беларусі так і не аднавіўся да дапандэміных значэнняў. У 2019 годзе Белстат зарэгістраваў 10,7 млн прыходаў у кіно - амаль удвая больш за цяперашні паказчык.
Менавіта ў сталіцы здарыўся найбольшы абвал, і аднаўляўся рынак вельмі млява ў параўнанні з рэгіёнамі. У 2019 годзе менскія кінатэатры прынялі 3,6 млн гледачоў, а ў 2024 - усяго 1,1 млн, гэта значыць захоўваецца трохразовае адставанне.
Таксама значны правал трымаецца ў Берасці і Гомелі - прыкладна на 50% ад дапандэмійнага ўзроўню.
Кінатэатры прырастаюць на сяле
Да канца 2024 года па ўсёй краіне налічваецца 562 кінаўстаноўкі - на 10 адзінак больш, чым год таму. Аднак у параўнанні з дапандэмійным перыядам іх усё яшчэ на сотню менш.
Цікава, што колькасць кінаўстановак у гарадской і сельскай мясцовасці прыкладна аднолькавая: 285 супраць 277 адпаведна. Прычым за год прыбавілася 11 сельскіх кінатэатраў і толькі адзін гарадскі. Што тычыцца пандэмійнага крызісу, вёскі ад яго пацярпелі мацней - тут засталося на 23% менш кінаўстановак, чым было ў 2019 годзе, тады як у гарадах страты не перавысілі 7%.
Пірацтва
Нагадаем, што ў 2022 годзе праз пачатак вайны большасць найбуйных амерыканскіх кінастудый сышлі з беларускага рынка. У пачатку 2023 года ў Беларусі запрацаваў закон, які легалізуе ўзнаўленне кантэнту без згоды праваўладальнікаў. Такім чынам у краіне свабодна ідуць паказы заходняга кіно - копіі кінастужак набываюцца ў краінах СНД.