Навукоўцы развянчалі міф аб універсальных рэцэптах шчасця
2- 4.05.2025, 20:26
- 1,634

Павышэнне даходаў або паляпшэнне жылля дапамагае не ўсім.
Новае даследаванне, апублікаванае ў Nature Human Behaviour, паказвае, што шчасце не ўніверсальнае – яго крыніцы ўнікальныя для кожнага чалавека. Аналіз звестак з пяці краін за 33 гады выявіў, што для адных шчасце залежыць ад працы і прыбытку, для іншых - ад унутранага стану і ўніверсальныя рэцэпты не працуюць.
Што робіць нас шчаслівымі?
Добрая праца, моцныя стасункі ці ўнутраны спакой? Навукоўцы дзесяцігоддзямі спрачаліся, ці залежыць шчасце ад знешніх умоў (мадэль "знізу ўверх") або ад рыс асобы і ўстановак (мадэль "зверху ўніз"). Эмары Бек, дацэнт Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Дэвісе, і яе каманда прапанавалі новы погляд: шчасце - індывідуальнае.
"Нам неабходна зразумець крыніцы шчасця, каб распрацаваць эфектыўныя захады", – кажа Бек.
Даследнікі прааналізавалі звесткі 40074 чалавек з розных краін, сабраныя за 33 гады. Удзельнікі адказвалі аб сваёй задаволенасці жыццём і пяці сферах: праца, даход, здароўе, жыллё і стасункі.
Вынікі здзівілі: людзі дзеляцца на роўныя групы, кожная з якіх прытрымліваецц сваёй мадэлі шчасця. Адны залежаць ад знешніх умоў (41,4-50,8% удзельнікаў), іншыя - ад унутранага стану. Трэція паказваюць двунакіраваны ўплыў (19,3-25,9%), а некаторыя наогул не ўпісваюцца ў шаблоны.
"Атрымліваецца, што мы бачым прыкладна роўныя групы, якія дэманструюць кожную мадэль", – тлумачыць Бек.
Гэта пацвярджае ідэю "персаналізаванага шчасця": тое, што робіць шчаслівым аднаго, можа быць абыякавым для іншага. Напрыклад, два чалавекі з аднолькавым даходам могуць адчуваць сябе па-рознаму праз унікальныя рысы і досвед. У некаторых шчасце не звязана з даследаванымі сферамі - магчыма, праз падзеі або структурныя фактары, не ўлічаныя ў апытаннях.
Цікава, што сярэднія паказчыкі, на якіх будуюцца праекты накшталт World Happiness Report, часта хаваюць асабістыя рысы. Павышэнне даходаў або паляпшэнне жылля дапамагае не ўсім - як і практыкі ўсвядомленасці. Гэта адкрыццё мяняе падыход да тэрапіі і дзяржпалітыкі, азначаючы, што ўніверсальныя развязанні неэфектыўныя.