«І тут расейцы разгубіліся»
13- 6.05.2025, 12:20
- 16,584

Авіяэкспэрт патлумачыў манеўры расейскага Су-30 перад тым, як яго збіў украінскі марскі дрон Magura.
Анатоль Храпчынскі, авіяцыйны экспэрт і былы афіцэр паветраных сіл УСУ, падзяліўся думкамі, як расейскія пілоты маглі пазбегнуць знішчэння з надводнага дрона, і з якімі складанасцямі сутыкаюцца сілы абароны, калі перахопліваюць паветраныя цэлі марскімі беспілотнікамі.
Так як украінскі марскі дрон Magura мае параўнальна невялікія памеры, то для таго, каб яго знішчыць, варожы самалёт павінен працаваць на малых вышынях, кажа Анатоль Храпчынскі, авіяцыйны экспэрт, былы афіцэр паветраных сіл УСУ, а цяпер — намеснік дырэктара miltech-кампаніі. Яго меркаванне падае NV у інтэрв'ю “Анатомія ліквідацыі”.
Са слоў авіяэкспэрта, каб эфектыўна адпрацаваць знішчальнікам Су-30 па надводным дроне, вораг павінен быў выкарыстоўваць супраць яго альбо ракеты, што нявыгадна, альбо абстраляць з бартавой гарматы ГШ-30−1, што здаецца больш верагодным.
“Зрэшты, нават калі вораг улічваў свае папярэднія памылкі з гелікаптэрамі, — разважае Храпчынскі, - і надумаў зрабіць стаўку на хуткасць, то ўсё адно, каб захапіць і адпрацаваць такую цэль як надводны дрон, неабходна спусціцца на малую вышыню”.
Для ўкраінскай стараны, каб эфектыўна адпрацаваць па варожым паветраным аб'екце дастаткова было, каб адбылося навядзенне ракеты на цэль.
“Пакольеі выкарыстаная ўкраінскай стараной ракета мае інфрачырвоную галоўку саманавядзення і ляціць пераважна на цеплавы след ад цэлі, — тлумачыць былы афіцэр УС УСУ, — то ў выпадку са збіццём Су-30 можна казаць пра тое, што ракета ляцела наўздагон самалёту з наступным блізкім падрывам і знішчэннем”.
Пры гэтым авіяэкспэрт падкрэслівае, што знішчальнік Су-30 - манеўраны самалёт, які мог ухіліцца ад ракеты, але экіпаж гэтага не зрабіў. З ягонай здагадкі, гэта адбылося таму, што пры выкананні задачы для перахопу дрона Magura былі малыя адлегласці і расейскі экіпаж проста не разлічваў на такое развіццё падзей.
Урэшце, нават калі бартавыя сістэмы прасігналізавала пілотам, што на самалёт ляціць ракета, яны, хутчэй за ўсё, разгубіліся, бо не маглі зразумець, адкуль менавіта ідзе небяспека, мяркуе спецыяліст.
“Бо пілоты разлічвалі, што ракета можа ляцець з іншага самалёта або нават расейскай сістэмы СПА, — аналізуе спецыяліст, — але ў тым месцы не было ні іншых паветраных бартоў, ні СПА. Таму экіпаж разгубіўся, а паведамленне аб ракеце мог прыняць за памылку”.