У ГУВ апублікавалі спіс кубінскіх наймітаў у войску РФ
1- 6.05.2025, 12:26
- 2,352

Для вярбоўкі была выкарыстаная традыцыйная схема: падкупіць, падмануць, прымусіць.
Праект галоўнай управы выведкі Міністэрства абароны Украіны «Хачу жыць» паказаў спіс кубінскіх наймітаў у расейскім войску, якіх вораг выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны.
Поўны спіс наймітаў апублікавалі ў Telegram-канале праекта.
Паводле звестак «Хачу жыць», Расея актыўна займаецца вярбоўкай наймітаў з Кубы яшчэ з пачатку 2023 года: «кубінцы, нароўні са шры-ланкійцамі, непальцамі і выхадцамі з краін Цэнтральнай Азіі, складаюць касцяк найміцкіх сіл, якія выкарыстоўваюцца супраць Украіны».
Спецыялісты праекта ўстанавілі імёны і асабістыя звесткі 1028 кубінцаў, якія падпісалі кантракт з узброенымі сіламі РФ у 2023-2024 гадах.
«Пра тое, што кубінскія ўлады ведаюць пра масавую вярбоўку і заступаюцца, пісаў вядомы прадстаўнік кубінскага супраціву, даследчык Арланда Гут'ерас-Баранат. Пасля шырокага грамадскага рэзанансу ў 2023 годзе на Кубе былі затрыманыя 17 чалавек, абвінавачаных у вярбоўцы грамадзян краіны для ўдзелу ў вайне супраць Украіны. Пракурор Кубы тады заявіў, што падазраваным можа пагражаць да 30 гадоў турмы, аж да пажыццёвага або смяротнага пакарання, - пішуць у «Хачу жыць». - На жаль, з тых часоў колькасць завербаваных кубінцаў вырасла ў разы. З нашых звестак, яшчэ каля 20 тысяч (!) грамадзян Кубы сталі ахвярамі расейскіх вярбоўшчыкаў»
Для вярбоўкі РФ выкарыстоўвае традыцыйную схему: падкупіць, падмануць, прымусіць.
"Наймітам прапануюць працу ў Расеі рознарабочымі, будаўнікамі, на складах, у ахове і да таго падобнае. Сярэдні заробак на Кубе - 32-35 даляраў за месяц, таму, калі кубінцам прапануюць «лёгкую працу ў брацкай Расеі» са штомесячным заробкам на 2-2,5 тысячы даляраў, многія без задняй думкі падпісваюць кантрактныя дакументы на расейскай мове», - удакладняюць у паведамленні.
Адзін з кубінскіх наймітаў, якія трапілі ў палон, распавёў, што зразумеў, на што падпісаўся, толькі тады, калі на вайсковай базе ў Растове ім пачалі выдаваць каскі і бронекамізэлькі. Пасля спробы адмовіцца яго збілі і адправілі ў штурмавікі.