Загінуў камандзір Пскоўскай дывізіяй ПДВ
54- 6.05.2025, 22:05
- 38,542

Яго пахавалі на Траякураўскіх могілках у Маскве.
Шэраг суполак і тэлеграм-каналаў у панядзелак паведамілі пра гібель камандзіра адной з самых вядомых расейскіх баявых частак, 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі ПДВ (вядомая таксама як Пскоўская дывізія) палкоўніка Абдулазіза Шыхабідава. Увагу на гэта звярнула выданне «Агентство». Мяркуючы з апублікаваных відэа, на якіх, бачны пахавальны вянок з ягоным імем, палкоўніка ўжо пахавалі.
Шыхабідаў, ураджэнец Дагестана, быў прызначаны камандзірам дывізіяй, якая бярэ ўдзел у вайне ва Украіне, у сакавіку гэтага года.
Як піша «Агентство», аб гібелі Шыхабідава пачалі паведамляць дагестанскія школы, якія раней паведамлялі аб ягоным прызначэнні. Так, у ліцэі № 13 Каспійска адкрылі памятны куток, прысвечаны Шыхабідаву. Тут размясцілі ягоныя фатаграфіі і матэрыялы аб баявым шляху вайскоўца. А ў Буйнакскай сярэдняй школе-інтэрнаце № 3 прайшлі пазаўрочныя мерапрыемствы для вучняў 7-9 класаў. Падчас мерапрыемства школьнікам, як паведамляецца, зачыталі прамову міністра адукацыі Дагестана Ях'і Бучаева. Пасля публікацыі фотасправаздача са старонкі буйнакскай школы была выдаленая, але засталася ў вэб-архіве.
«Агентство» адзначае, што пра смерць палкоўніка паведаміў таксама шэраг праваенных суполак. У суполцы «За Радзіму і ПДВ» напісалі, што развітанне з камандзірам адбылося на Траякураўскіх могілках у Маскве ў панядзелак. Калі менавіта і пры якіх абставінах загінуў Шыхабідаў, не вядома. Афіцыйна аб ягонай гібелі не паведамлялася.
Вайскоўцы Пскоўскай дывізіі бралі ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны пачынаючы з 2014 года - расейскія ўлады тады не прызнавалі гэтага, аднак журналісты ўстанавілі факт гібелі некалькіх байцоў дывізіі яшчэ ў жніўні 2014. Пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну байцы дывізіі ў тым ліку знаходзіліся ў Бучы, дзе было забіта мноства мясцовых жыхароў.