Кошт золата перавысіў $3400 за ўнцыю
- 6.05.2025, 18:00

Упершыню з 22 красавіка.
Чэрвеньскія ф'ючэрсы на золата на Чыкажскай таварнай біржы (CME) на таргах у аўторак, 6 траўня, падаражэлі на 2,35%, да $3400,4 за ўнцыю. Пра гэта сведчаць звесткі таргоў на вечар. Адзнаку $3400 біржавы кошт унцыі золата перавысіў упершыню з 22 красавіка 2025 года.
Падставай для росту коштаў золата як актыў-сховішча сталі заявы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб тым, што найбліжэйшым часам пагаднення з Кітаем не будзе. Пры гэтым ён падкрэсліў, што амерыканская адміністрацыя можа падпісаць гандлёвыя дамовы з некаторымі краінамі ўжо на гэтым тыдні, піша Bloomberg.
Асцярогі наконт тарыфных планаў Дональда Трампа і магчымых наступстваў глабальнай гандлёвай вайны ўзмацнілі цікавасць да золата, растлумачыў Reuters.
«Кошты золата ў пачатку гэтага тыдня моцна выраслі, бо інвестары вяртаюцца да актываў-сховішчаў, каб застрахавацца ад валацільнасці партфеля на фоне аднаўлення турботы з нагоды тарыфаў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа», – адзначае рынкавы стратэг IG Еап Джун Ронг.