Расейская эканоміка скончыла квартал падзеннем
1- 6.05.2025, 19:03
- 2,720

Упершыню з 2022 года.
Бурбалка вайсковай эканомікі, надзьмутай у Расеі за кошт рэкордных з часоў СССР вайсковых выдаткаў, пачала здзімацца, піша The Moscow Times.
У першым квартале 2025 года расейскі ВУП упершыню за тры гады сышоў у мінус, ацэньваюць аналітыкі Райффайзэнбанка на аснове афіцыйнай статыстыкі Мінэканамразвіцця. Хоць год да года эканоміка засталася ў плюсе (на 1,7%), у дачыненні да папярэдняга квартала яе памер скараціўся на 0,3%, чаго статыстыка не бачыла ні разу з красавіка-чэрвеня 2022 года. Галоўны эканаміст Bloomberg Economics ацэньвае квартальны спад яшчэ глыбей - 0,6-0,8%. У грашовым вылічэнні з улікам інфляцыі на канец сакавіка ВУП аказаўся прыкладна на 500 млрд рублёў ніжэйшым, чым у снежні, падлічыў Яніс Клюге, навуковы супрацоўнік нямецкага Інстытута праблем міжнароднай бяспекі.
«Дынаміка ВУП дэманструе відавочныя прыкметы пагаршэння», – канстатуе Райффайзэнбанк. Паводле звестак МЭР, тэмпы росту прамысловасці ўпалі больш чым у 5 разоў – з 5,7% да 1,1%, практычна ўдвая замарудзіўся рост раздробнага абарачэння (з 5,5% да 3,2%), а аптовы гандаль упершыню з зімы 2023 года пачаў скарачацца – на 2,1% за квартал.
«Сітуацыя ўскладняецца нізкімі коштамі нафты», - дадаюць у банку: кошт расейскага гатунку Urals з $70 у сярэдзіне студзеня ўпаў да $59 у сакавіку, $54 - у красавіку і толькі $49 - у пачатку траўня. Гэта пазбавіць эканоміку $35 млрд валютнага прыбытку, а бюджэт - нафтагазавых падаткаў на 2,6 трлн рублёў, паводле абноўленых прагнозаў урада і Мінфіна.
Папярэднія звесткі за красавік кажуць аб тым, што астуджэнне працягваецца, паказвае Ісакаў. Індэкс дзелавой актыўнасці ў прамысловасці PMI трымаецца ніжэй за 50 пунктаў, што азначае спад вытворчасці, а акрамя таго, імкліва скарачаюцца грузаперавозкі па сетцы РЧ – на 9,7% год да года. Гэта азначае, што з высокай імавернасцю, паводле вынікаў другога квартала эканоміка скоціцца ў тэхнічную рэцэсію (спад два кварталы запар), піша Ісакаў.
За межамі ВПК расейская прамысловасць ужо скарачаецца, паказвае Клюге. Паводле ацэнак ЦМАКП, блізкага да ўрада аналітычнага цэнтра, у першым квартале вытворчасць мірнай прадукцыі знізілася на 0,8%, у тым ліку ў сакавіку на 1,1%. А яе наяўныя аб'ёмы сталі самымі нізкімі з красавіка 2023 года.
Спад ахапіў мірнае машынабудаванне, вытворчасць электраабсталявання, выпуск будматэрыялаў і чорную металургію. Рэкордна з першых месяцаў вайны асела вытворчасць прадуктаў харчавання - на 0,7% за месяц у першым квартале, піша ЦМАКП.
Нягледзячы на маштабныя выплаты вайскоўцам і кантрактнікам, спажывецкія выдаткі таксама стагнуюць, паказвае Райффайзэнбанк: у першым квартале яны апынуліся толькі на 0,2% вышэйшымі, чым кварталам раней. «Пры гэтым рост быў дасягнуты толькі за кошт аднаўлення куплі нехарчовых тавараў, сегменты паслуг і прадуктаў харчавання знізіліся», – пішуць аналітыкі банка.
МЭР па-ранейшаму прагназуе, што за год расейскі ВУП дадасць 2,5% пасля росту вышэй за 4% два папярэднія гады запар. Аднак «рызыкі больш нізкіх тэмпаў росту сёлета павялічваюцца», піша Райффайзэнбанк.
Планы ўрада па скарачэнні бюджэтных выдаткаў праз падзенне коштаў нафты, відавочна, ускладняць задачу дасягнення аптымістычных паказчыкаў росту расейскай эканомікі, якія МЭР захавала ў базавым варыянце прагнозу, папярэджвае Дзмітрый Палявы, дырэктар па інвестыцыях «Астра Управление Активами».