ЕЗ увядзе санкцыі супраць 100 расейскіх танкераў і 50 асоб і кампаній
2- 6.05.2025, 21:20
- 2,502

17-ы пакет санкцый супраць Расеі ўжо рыхтуюць.
Больш за 100 суднаў "ценявага флоту" Расеі, а таксама звыш 50 расейскіх і звязаных з РФ фізічных і юрыдычных асоб (таксама і пяць кітайскіх) будуць уключаны ў новы, 17-ы пакет санкцый супраць Масквы. З такой прапановай выступіла Еўракамісія, паведамілі дыпламатычныя крыніцы Reuters.
Новыя меры супраць Расеі таксама маюць на ўвазе ўзмацненне экспартнага кантролю за таварамі і тэхналогіямі, якія могуць выкарыстоўвацца расейскімі ўзброенымі сіламі. Абмежаванні будуць уведзены супраць 31 кампаніі, якая падтрымлівае расейскую “абаронку” або ўдзельнічае ў сыходзе ад санкцый. 13 з іх знаходзяцца па-за межамі Расеі, паведаміў адзін з суразмоўцаў.
Вызваленне ад санкцый да чэрвеня наступнага года працягнуць для расейскага нафтагазавага праекту «Сахалін-2», расказала адна з крыніц, — праз яго значнасць для Японіі.
Прапановы Еўракамісіі былі распрацаваны хутчэй чым звычайна і без папярэдніх кансультацый з дзяржавамі-членамі ЕЗ, адзначае агенцтва. Са слоў еўрапейскага чыноўніка, мэта прапаноў - дэманстрацыя таго, што блок "усё яшчэ можа дамовіцца аб нечым супраць Расеі" пасля пагроз вета з боку Венгрыі. Абмеркаванні 17-га санкцыйнага пакета стартуюць у сераду.
На мінулым тыдні кіраўнік МЗС Францыі Жан-Ноэль Баро паведаміў, што ЕЗ працуе з чарговым пакетам антырасейскіх санкцыяў у каардынацыі з уладамі ЗША. Ён падкрэсліў, што Еўропа падтрымае намаганні Штатаў ва ўвядзенні "зруйнавальных" абмежаванняў супраць Масквы, якія раней анансаваў сенатар Ліндсі Грэм, у выпадку адмовы Крамля ад мірнага ўрэгулявання ва Украіне.
У суботу крыніцы Reuters паведамілі, што амерыканскія санкцыі закрануць "Газпром" і неназваныя "буйныя кампаніі", якія працуюць з прыроднымі рэсурсамі, а таксама банкаўскі сектар РФ.