Індыя нанесла серыю ўдараў па Пакістане
14- 7.05.2025, 7:32
- 17,886

Ісламабад адказаў.
Індыя нанесла ўдары па Пакістане і кантраляваных пакістанскімі ўладамі раёнах Кашміра. Гэта адбылося праз два тыдні пасля таго, як Дэлі абвінаваціў Ісламабад у падтрымцы баевікоў, якія стаяць за нападам на турыстаў у кантраляванай Індыяй частцы Кашміра. Тады загінулі 26 чалавек. Улады Пакістана абвінавачванні адпрэчвалі, паведамляе BBC.
«Індыйскія ўзброеныя сілы пачалі аперацыю «Сіндур», нанёсшы ўдары па тэрарыстычнай інфраструктуры ў Пакістане і акупаваным Пакістанам Джаму і Кашміры, адкуль планаваліся і накіроўваліся тэрарыстычныя атакі супраць Індыі», — заявіла індыйскае войска.
Індыйскія ўлады сцвярджаюць, што ракетныя ўдары знішчылі дзевяць цэляў, звязаных з баевікамі, аднак пакістанскія ўлады гэта адмаўляюць.
«Нашы дзеянні былі мэтанакіраванымі, узважанымі і не эскалацыйнымі па сваім характары. Ні адзін пакістанскі вайсковы аб'ект не быў атакаваны. Індыя прадэманстравала значную стрыманасць у выбары цэляў і метадаў іх паразы», — заявіла Індыя.
Агенцтва Reuters перадае словы ананімнай крыніцы ў індыйскіх вайсковых колах, згодна з якімі ракетныя ўдары былі нанесеныя па базах ісламісцкіх груповак.
Пакістанскае войска заявіла, што ўдары прыпалі па раёнах з цывільным насельніцтвам, а не па тэрарыстах. Паводле ейных звестак, індыйскія самалёты запусцілі ракеты са сваёй паветранай прасторы.
Прэс-служба Пакістанп сцвярджае, што ў выніку індыйскіх удараў загінулі восем чалавек, 35 параненыя, двое лічацца зніклымі без вестак. Раней прэс-сакратар войска Пакістана Ахмед Шарыф сказаў BBC, што сярод загінулых - двое дзяцей.
Адзін з удараў, як сцвярджае Шарыф, быў па мячэці.
Прэм'ер-міністр Пакістана Міан Мухамад Шахбаз Шарыф выпусціў заяву, у якой паабяцаў адказаць Індыі.
«Падступны вораг нанёс подлы ўдар па пяці месцах у Пакістане. Пакістан мае поўнае права даць належны адказ, і гэты належны адказ ужо даецца», - заявіў прэм'ер-міністр.
Пазней у ноч на сераду прэс-служба пакістанскага войска ўдакладніла, што Індыя нанесла 24 асобныя ўдары рознымі тывпамі зброі па шасці месцах.
Прадстаўнік пакістанскіх вайскоўцаў заявіў, што Ісламабад «адкажа ў зручны для сябе час і ў зручным месцы».
«Усе знішчальнікі нашых ВПС паднятыя ў паветра. Гэта ганебны і баязлівы напад, які быў учынены з паветранай прасторы Індыі», - заявіў ён.
З паведамленняў з індыйскага боку, пакістанскае войска адкрыла артылерыйскі агонь на лініі падзелу ў Кашміры.
Пазней уночы ў сераду прэс-аташэ пакістанскага войска заявіў, што Пакістан збіў пяць індыйскіх баявых самалётаў, у тым ліку тры французскія знішчальнікі Rafale і два савецка-расейскія самалёты, Су-30МКІ і МіГ-29. Пацвярджэнняў або аспрэчванняў з індыйскай стараны пакуль няма.
Акрамя таго, як сцвярджае пакістанскае войска, яно знішчыла штаб адной з індыйскіх брыгад.
Пакістан апавясціў Раду Бяспекі ААН, што пакідае за сабой права адказаць на «непрыхаваную агрэсію з боку Індыі».
Прэс-служба індыйскага войска сцвярджае, што з індыйскага боку загінулі тры чалавекі. Пра гэта яно раніцай серады паведаміла BBC.
Індыйскія ўлады закрылі ўсе навучальныя ўстановы ў раёнах уздоўж лініі кантролю. Пакістан таксама закрыў школы ў сталіцы, Ісламабадзе (ён размешчаны недалёка ад лініі кантролю), і іншых памежных раёнах.
Як паведамляе Індыйская прэса, раніцай серады міністр абароны Індыі Раджнат Сінгх абмеркаваў нанесеныя па Пакістане ўдары з камандуючымі наземнымі сіламі, авіяцыяй і флотам.
На мяжы дзвюх краін апошнія дні адбываліся перастрэлкі. Выказваліся здагадкі, што Індыя адкажа вайсковымі ўдарамі па Пакістане, як яна гэта зрабіла пасля нападаў баевікоў у 2019 і 2016 гадах.
«Вялікая авантура»
Анбарасан Этыраджан
Рэдактар уПаўднёвай Азіі, Сусветная служба BBC
Гэта рэзкая эскалацыя ў супрацьстаянні дзвюх краін, якія валодаюць ядзернай зброяй.
Тое, што Індыя можа пачаць вайсковыя дзеянні, было чакана, але інтэнсіўнасць ракетных удараў па тэрыторыі Пакістана здзівіла многіх.
Індыя сцвярджае, што некаторыя з месцаў, якія яна бамбіць, звязаныя з баевікамі, і ўдары па аб'ектах пакістанскага войска не наносіліся.
Пакістан паабяцаў нанесці зваротны ўдар, і ад яго характару і цэляў будзе залежаць зваротная рэакцыя Дэлі.
Абедзве краіны мяркуюць, што ім удасца ўтрымаць эскалацыю ў рамках, але напружанасць высокая, а ход кожнага вайскоага канфлікту цяжка прадказальны.
У мінулым ЗША і іншыя краіны ўмешваліся, каб стрымаць эскалацыю.
Цяпер, калі адміністрацыя Дональда Трампа пераключылася на іншыя глабальныя пытанні, незразумела, як хутка Вашынгтон распачне меры стрымлівання.
Палітычныя лідары абедзвюх краін захочуць прадэманстраваць, што яны дзейнічалі смела, і заявіць пра сваю перамогу.
Яны пайшлі на велізарную авантуру.