Замест Малінаўкі – Макотаў
16- 7.05.2025, 10:56
- 16,442

Беларусы паставілі новы рэкорд у набыцці жылля ў Польшчы
Калі ў кагосьці ў Беларусі, акрамя прапагандыстаў, ёсць ілюзіі наконт таго, што так званыя «збеглыя» гараць жаданнем вярнуцца дадому, то іх дашчэнту разносіць гадавая статыстыка набыцця грамадзянамі Беларусі жылля толькі ў адной краіне. У Польшчы. Уцекачы настолькі жадаюць на радзіму, што другі год запар купляюць тамака кватэр у разы больш, чым немцы. І коштам, якія саступаюць толькі кошту жылля ў Сінгапуры, піша planbmedia.io.
У 2024 годзе беларусы купілі ў Польшчы амаль 180 тыс. квадратаў толькі жылых памяшканняў, сведчаць звесткі традыцыйнага гадавога даклада міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы аб ходзе рэалізацыі ў 2024 годзе Закона ад 24 сакавіка 1920 года аб набыцці нерухомасці замежнікамі.
Гэта - у 1,6 разы больш, чым годам раней. І ў 2,5 разы - чым было ў 2022-м. І гэта не лічачы тых, хто ўжо атрымаў польскі пашпарт і набывае нерухомасць як паляк.
У 2023-2024 гадах па штогадовых пакупках жылых лакалаў беларусы выперадзілі немцаў. І ўжо другі год запар займаюць другое пасля ўкраінцаў месца. Прычым па тэмпах прыросту ў мінулым годзе зноў абышлі іх.
У 2024-м сваёй актыўнасцю беларусы і разам з украінцамі, уласна, шмат у чым і зрабілі надвор'е на рынку жылля ў Польшчы. Грамадзяне дзвюх гэтых краін набылі большую частку з набытых усімі замежнікамі квадратных метраў.
Фізічныя асобы з пашпартамі Беларусі таксама занялі другое пасля ўкраінцаў месца па набыцці камерцыйнай нерухомасці і дабраліся да тузіна самых актыўных пакупнікоў зямельных надзелаў у Польшчы.