8 траўня 2025, Чацвер, 1:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ніякія пакістанцы тут уладам не дапамогуць»

4
«Ніякія пакістанцы тут уладам не дапамогуць»
ілюстрацыйнае фота

Рэжым беспадстаўна абвінавачвае беларусаў.

Выканаўца абавязкаў старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Максім Пазнякоў расказаў “Салідарнасці”, чаму ідэя ўладаў запрасіць пакістанцаў у Беларусь — няўдалая.

- Ведаючы алгарытм дзеянняў улады-спачатку “ўвязацца ў бойку”, а потым думаць і спрабаваць нешта зрабіць і выправіць - мяркую, што нічога з гэтага “праекта” не выйдзе.

Глядзіце, да нас не імкнуцца ехаць рабочыя з Узбекістана, Таджыкістана, Кыргызстана, гэта значыць тых краін, з якімі мы калісьці былі ў адной дзяржаве, і дзе многія людзі хоць бы на базавым узроўні ведаюць расейскую мову. А з пакістанцамі ў нас розная ментальнасць, розная культура плюс няведанне мовы.

Акрамя таго, для іх адкрыты рынак працы ў розных краінах, напрыклад, у той жа Вялікабрытаніі. І гэта для пакістанскіх рабочых больш прымальны варыянт, чым Беларусь.

А ўсе гэтыя абвінавачванні на адрас нібыта "неэфектыўных" беларускіх рабочых і неабходнасці падвышэння прадукцыйнасці працы ўлада павінна адрасаваць не ім, а найперш сабе. Рэжым не разумее ці не хоча разумець: для таго, каб прадпрыемствы працавалі эфектыўна, трэба ўкладваць грошы, праводзіць мадэрнізацыю, укараняць сучасныя тэхналогіі, паляпшаць умовы працы. Тады прадукцыйнасць будзе расці.

Але што адбываецца сёння? На многіх прадпрыемствах дапаможныя вытворчасці сталі асобнымі структурамі, якія не ўваходзяць у склад асноўных.

Гэта так званы аўтсорсінг “па-лукашэнкаўску”, калі людзі працягваюць працаваць на тым жа працоўным месцы, выконваць тую ж працу, але наймальнік у іх ужо не ўмоўны “Беларуськалій”, “Нафтан” або “Гродна Азот”, а нейкае новае ўнітарнае прадпрыемства.

Гэта значыць колькасць супрацоўнікаў асноўнага прадпрыемства скарацілася, а ўзровень вытворчасці прадукцыі застаўся той жа. І вось, калі ласка, прадукцыйнасць працы ў лічбах падвысілася. Менавіта ў лічбах - не рэальная.

І гэта толькі адзін з варыянтаў. Аднак і ў такіх казуістычных манеўраў існуе мяжа, і ў кожным выпадку гэта доўга не працягнецца: эканоміка працуе паводле іншых законаў.

Каб развязаць праблемы ў эканоміцы Беларусі, патрэбныя сур'ёзныя палітычныя і сацыяльна-эканамічныя рэформы.

Неабходна спыніць суўдзел у вайне.

Выпусціць усіх палітвязняў.

Забяспечыць дэмакратычныя пераўтварэнні і прымірэнне ў грамадстве.

Выконваць міжнароднае права, уключаючы працоўнае права.

Забяспечыць свабоду аб'яднання, незалежнасць прафсаюзаў, права на перамовы і страйк.

Нармалізаваць міжнародныя стасункі, каб мець доступ да сучасных тэхналогій, інвестыцый і высокапрыбытковых рынкаў.

Без гэтых крокаў у Беларусі няма нармальнай будучыні, і ніякія пакістанцы тут не дапамогуць.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках