УСУ ўдарылі па расейскім ракетным заводзе ў Туле
1- 7.05.2025, 10:41
- 4,706

Узнік пажар.
Украінскія беспілотнікі ўчынілі серыю нападаў на Тульскую вобласць. Першы налёт адбыўся а першай гадзіны дня 6 траўня, а пятая атака была зафіксавана раніцай 7-га, паведаміў кіраўнік рэгіёну Дзмітрый Міляеў, піша The Moscow Times.
Паводле ягоных слоў, дзяжурныя сродкі супрацьпаветранай абароны (СПА) паслядоўна адбіваюць атакі. Ён не ўдакладніў колькасць збітых дронаў, а таксама наступствы налётаў. «Пацярпелых няма. Сітуацыя на кантролі», - адзначыў Міляеў.
Мясцовыя жыхары распавялі Astra, што пасля выбухаў у Туле ў раёне вуліцы Шчаглоўская засека пачаўся моцны пажар. На гэтай вуліцы знаходзіцца АТ «Канструктарскае бюро прыборабудавання» — адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў абароннай прамысловасці Расеі, якое займаецца распрацоўкай высокадакладнай кіраванай зброі для наземных войскаў, ваенна-марскога флоту і Паветрана-касмічных сіл. Акрамя таго, на гэтай жа вуліцы размешчана Навукова-вытворчае аб'яднанне «сплаў» — вядучае прадпрыемства Расеі ў распрацоўцы і вытворчасці рэактыўных сістэм залпавага агню (РСЗА), цяжкіх агнямётных сістэм (ТГС), боепрыпасаў да іх, авіяцыйных некіравальных і карэктаваных ракет. Абодва прадпрыемствы ўваходзяць у дзяржкарпарацыю «Растэх». Які менавіта завод загарэўся, на гэты момант невядома.
На фоне нападаў украінскіх беспілотнікаў у Туле яшчэ напярэдадні былі зафіксаваныя збоі ў працы мабільнага інтэрнэту. З перабоямі сутыкнуліся абаненты ўсіх асноўных аператараў- МТС, «Білайна», «Мегафона» і Т2. Са слоў кіраўніка «Таварыства абароны Інтэрнэту» Міхаіла Клімарава, Узброеныя сілу Украіны (УСУ) усталёўваюць на свае дроны мадэмы з расейскімі сім-картамі. У палёце беспілотнік спрабуе падключыцца да станцый мабільнай сувязі для карэктавання траекторыі, а таксама для перадачы праз Інтэрнэт выведвальных звестак. Паводле задумы ўладаў, блакаванне мабільнага інтэрнэту перашкаджае працы варожых дронаў, адзначае экспэрт.
Са звестак Shot, для дальнабойных нападаў УСУ выкарыстоўваюць беспілотнікі ўласнай распрацоўкі «Люты». Яны здольныя здзейсніць палёт на адлегласць да 1000 км і несці на сабе баявую частку з фугаснымі набоямі масай да 50 кг.