26 гадоў таму быў забіты Юрый Захаранка
9- 7.05.2025, 12:20
- 5,558

Мы памятаем.
7 траўня 1999 года экс-міністр унутраных спраў Беларусі Юрый Захаранка знік па дарозе дадому, у раёне вуліцы Магілёўскай у Менску. На той момант яму было 47 гадоў.
Юрый Захаранка пачынаў сваю кар'еру следчым, узначальваў следчы аддзел, да 1991 года быў начальнікам управы ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама. Затым - начальнікам следчай управы, а пасля ўзначальваў Следчы камітэт МУС Беларусі.
Адразу пасля абрання Лукашэнкі быў прызначаны на пасаду міністра ўнутраных спраў. У адным з інтэрв'ю Захаранка згадаў гутарку з кіраўніком Рады бяспекі Віктарам Шэйманам, які намагаў, што міністр павінен «выканаць кожны загад прэзідэнта».
«Людзей я расстрэльваць не буду, Канстытуцыю парушаць не буду», — тады адказаў кіраўнік сілавога ведамства. У кастрычніку 1995-га Лукашэнка адправіў Захаранку ў адстаўку, а пазней былы міністр быў паніжаны ў рангу да палкоўніка міліцыі і звольнены з МУС.
Неўзабаве пасля гэтага Юрый Захаранка перайшоў на бок апазіцыі. У лютым 1998 года ён узначаліў камітэт бяспекі ў складзе «ценявога ўрада». Увесну 1999-га Захаранка актыўна ўдзельнічаў у арганізаванай апазіцыяй кампаніі выбараў прэзідэнта, уваходзіў у каманду былога прэм'ер-міністра Міхаіла Чыгіра, ездзіў па краіне, арганізоўваў групы збору подпісаў. 7 траўня 1999 года ён патэлефанаваў дадому, сказаў жонцы: «неўзабаве прыйду, грэй вячэру», але дадому так і не вярнуўся.
У 1999 - 2000 гадах у Беларусі бясследна зніклі выканаўца абавязкаў старшыні Вярхоўнага Савета Віктар Ганчар, бізнэсовец Анатоль Красоўскі, былы кіраўнік МУС Юрый Захаранка і журналіст Дзмітрый Завадскі.
Пасля былі апублікаваныя дакументы, у тым ліку рапарт намесніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Лапаціка, якія сведчылі, што з апазіцыйнымі палітыкамі і грамадскімі дзеячамі расправіўся «эскадрон смерці». Загады яму аддавала вышэйшае кіраўніцтва краіны.
17 снежня 2019 года «Нямецкая хваля» апублікавала сенсацыйнае прызнанне былога байца САХРа Юрыя Гараўскага.
У верасні 2019 года Юрый Гараўскі звярнуўся ў расейскую рэдакцыю «Нямецкай хвалі», заявіўшы, што 20 гадоў таму ўдзельнічаў у выкраданнях і забойствах беларускіх апазіцыянераў — апанентаў Лукашэнкі. Гараўскі сцвярджае, што ў 1999-2003 гадах быў байцом САХРа — спецыяльнага атрада хуткага рэагавання ўнутраных войскаў МУС Беларусі. Са слоў Гараўскага, на загад зверху разам з калегамі ён выкраў і забіў экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранку, экс-кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, які падтрымліваў беларускую апазіцыю.
Увесну і ўвосень 1999 года гэтыя тры чалавекі зніклі. Расследаванне іх знікненняў у Беларусі да канца даведзена не было. У 2004 годзе спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) Хрыстос Пургурыдэс, вывучыўшы ўсе абставіны, прыйшоў да высновы, што Захаранку, Ганчара і Красоўскага выкралі і забілі байцы САХРа пад камандаваннем падпалкоўніка Дзмітрыя Паўлічэнкі з ведама кіраўніцтва краіны. Такую версію падзяляюць праваабаронцы і родныя зніклых, але даказаць яе пакуль не ўдалося.
41-гадовы Юрый Гараўскі ўцёк з Беларусі ў Еўропу, дзе папрасіў палітычнага прытулку. Ён паказаў DW арыгіналы і копіі некаторых дакументаў, якія пацвярджаюць ягоныя сцверджанні.