У Менскім раёне таксама ўключаюць батарэі
5- 7.05.2025, 12:51
- 3,944

Прычынай стала халоднае надвор'е.
У Менскім раёне з 7 траўня зноў уключаюць батарэі. Гэта звязана з пахаладаннем і неабходнасцю забяспечыць камфортныя ўмовы ў сацыяльна значных аб'ектах, піша выданне «Прысталічча».
Першымі цяпло атрымаюць гатэлі, бібліятэкі, дзяржаўныя архівы, музеі, установы сацыяльнага забеспячэння, а таксама медыцынскія, лячэбна-прафілактычныя, школьныя і дашкольныя ўстановы ва ўсім Менскім раёне.
Адключаць ацяпленне, калі ўсталюецца стабільнае цёплае надвор'е. Камунальнікі арыентуюцца на сярэднедзённую тэмпературу вышэйшую за +8 градусаў цягам трох дзён запар.
Раней стала вядома, што батарэі зноў уключаюць у Віцебскай вобласці, а таксама ў некаторых іншых раёнах краіны. На найбліжэйшыя дні сіноптыкі прагназуюць у Беларусі начныя замаразкі да -5 градусаў.