«Дык вось якія яны, беларускія рэаліі!»
16- 7.05.2025, 18:51
- 30,288

Праўда пра «добра аплатную працу ў Беларусі»
Жонка кіроўцы фургона расказала сайту Charter97.org, як ейны муж вярнуўся на працу ў Беларусь, але даслоўна праз паўгода пашкадаваў:
- Мой муж Міхась з дзясятак гадоў працаваў кіроўцам фургонаў у Заходняй Еўропе. Праца вельмі цяжкая, бо фактычна ты не толькі працуеш, але і жывеш у аўтамабілі. А адсюль і ўсё астатняе: харчуешся абы-як, няма графіку сну, што таксама кепска адбіваецца на здароўі, месяц, а то і два не бачыш сям’ю.
Адным словам, праца цяжкая. Але для беларусаў і высокааплатная. Маючы досвед працы, муж меў за дзень працы 100 еўраў. І, адпаведна, дадому прыязджаў з заробкам, за які мог дазволіць нам жыць з асалодай, дый сябе два тыдні пацешыць. А пасля зноў вяртаўся да сваіх несканчоных дарожных маршрутаў.
За 10 год стаміўся, пачаў жаліцца, маўляў, плацяць мала, выціскаюць усе сокі, ставяцца да беларусаў з пагардай. І вось надышоў той час, калі працадавец адмовіўся супрацоўнічаць з беларусамі, бо, нібыта, задужа з імі клопату.
Муж мой уздыхнуў з палёгкай. Бо сам не важыўся звольніцца — вялікія грошы трымалі. А так быццам пастанову за яго прынялі, і ён, натхнёны, вярнуўся дахаты. Доўга, праўда, адпачываць не давялося, бо паклікалі яго як спецыяліста, які можа рамантаваць аўтамабілі і рознае абсталяванне, на прыватны заводзік.
Грошы паабяцалі для Беларусі ніштаватыя – 3-3,5 тысячы рублёў. Падпісаў мой Міхась кантракт ды ўзяўся за працу. Праўда, праз 2 месяцы пачаў нудзіцца. Бо высветлілася, што працуе ён не па 8 гадзін, а па 10-12, за якія ніхто нічога не даплачвае. Ні спецадзення, ні нават пальчатак для рук, якія ўвесь час у машынных алеях, нічога.
А пасля яшчэ і пачаліся раз’езды: у панядзелак выязджае, у пятніцу вяртаецца. І гэта ўсё за той жа фіксаваны тарыф. Пачалі супрацоўнікі выказваць сваю незадаволенасць. Але адказ у наймальніка толькі адзін: не падабаецца – на выхад. Такім чынам, сітуацыя стала страшэнна нэрвовая. Трываў муж такое пагардлівае стаўленне толькі паўгода.
А днямі шапнуў мне на вушка: “Ганна, выбачай, я знайшоў магчымасць ізноў працаваць на фургоне, рыхтую дакументы!”
Дык вось яны, беларускія рэаліі! Падаецца, што можна ж працаваць, але атмасфэра настолькі нездаровая, што праз паўгода Міхась пякельную працу на фургоне пачаў згадваць з цеплынёй і павагай.