«Выдатная, але каштуе як крыло боінга»
11- 7.05.2025, 14:03
- 8,262

У крамы Беларусі завезлі маладую бульбу.
Пакуль беларусы абмяркоўвалі, што стала з бульбай, у крамы завезлі ўжо новы ўраджай. Пакуль імпартны, і кошты "не для ўсіх", піша Onliner.
Гэтую бульбу імпартуюць з Ізраіля. Цяпер яна каштуе 8,19 рубля за кілаграм, яе фасуюць па 2,4—2,5 кг, гэта значыць у дастаўцы пакет пацягне прыкладна на 20 рублёў.
У каментарах водгукі супярэчлівыя. Хтосьці хваліць выгляд бульбы, іншыя пішуць пра дзіўны прысмак. Але кошт на новы ўраджай пакуль бянтэжыць. "Каштуе як крыло боінга", - напісала адна з пакупніц.

Як правіла, маладую бульбу таксама прывозяць з Егіпта і Азербайджана, яна ў мінулыя гады была таннейшай за ізраільскую, так што трэба крыху пачакаць.
А што з беларускай?
Пакуль на паліцах ураджай мінулага года, кошты розныя - ад рэгуляваных дзяржавай рубля з невялікім да 6,64 рубля за кілаграм мытых клубняў.
Такія кошты на мытую бульбу ў крамах выявіла чытачка партала.

У Мінсельгасхарчы абяцаюць, што бульбы да новага ўраджаю стае: у крамах будуць прадаваць рэшткі са стабілізацыйных фондаў і лішкі насеннай бульбы неабходнай каліброўкі. У ведамстве падлічылі, што гандлёвым сеткам трэба 2,1 тысячы тон бульбы, а вобласці гатовыя адгрузіць 2,4 тысячы тон.
Міністэрства падае такія лічбы: у 2024 годзе сельгасарганізацыі і фермеры выгадавалі 758,3 тысячы тон бульбы, з іх 48 тысяч тон заклалі ў стабілізацыйныя фонды. Але фактычна ў гандлёвыя сеткі завезлі 78,3 тысячы тон бульбы. На пачатак траўня ў стабфондах было 5,9 тысячы тон.
З улікам попыту на бульбу ў рэгіёнах павялічаць плошчы яе пасадкі на 3 тыс.га — да 19,7 тыс. га, адзначылі ў Мінсельгасхарчы.