8 траўня 2025, Чацвер, 6:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Байдэн жорстка раскрытыкаваў Трампа за яго пазіцыю наконт Украіны

24
Байдэн жорстка раскрытыкаваў Трампа за яго пазіцыю наконт Украіны

Экс-прэзідэнт ЗША не падбіраў слоў.

Ціск з боку адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа на Украіну з патрабаваннем аддаць частку тэрыторый Расеі гэта «сучаснае супакаенне». Пра гэта заявіў экс-прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у інтэрв'ю BBC.

Пуцін і Трамп

Журналісты нагадалі, што Байдэн неаднаразова казаў, што расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін не спыніцца, калі саступіць яму тэрыторыямі ў рамках мірнага пагаднення. У інтэрв'ю экс-прэзідэнт ЗША заявіў, што «людзі, якія вераць у адваротнае, - дурні».

Падчас выступу 5 траўня ў Дэлавэры ён сказаў, што яго турбуе разрыў стасункаў паміж ЗША і Еўропай за Трампам. Экс-прэзідэнт ЗША мяркуе, што цяперашні амерыканскі лідар «зменіць сучасную гісторыю свету».

У размове з журналістамі Байдэн асудзіў заклікі Трампа вярнуць Панамскі канал, купіць Грэнландыю і зрабіць Канаду 51-м штатам.

«Што, халера на яго, тут адбываецца? Які прэзідэнт наогул кажа так? Мы не такія. Мы За свабоду, дэмакратыю, магчымасці, а не за канфіскацыю», - сказаў ён.

Акрамя гэтага Байдэн пракаментаваў словы адміністрацыі Трампа, што Украіне трэба аддаць частку тэрыторый, каб дамагчыся мірнага пагаднення. Паводле ягоных слоў, гэта падобна на тое, як былы прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Нэвіл Чэмберлен у 1930-х гадах спрабаваў улагодзіць патрабаванні Адольфа Гітлера ў няўдалай спробе пазбегнуць катастрафічнай вайны ў Еўропе.

«Гэта сучаснае супакаенне», - заявіў Байдэн.

Акрамя таго, экс-прэзідэнт ЗША занепакоены тым, што Еўропа можа страціць упэўненасць у тым, што «Амерыка ўсё яшчэ застаецца лідарам».

«Лідары кантынента задаюцца пытаннем, што ж мне цяпер рабіць?... Ці магу я разлічваць на Злучаныя Штаты? Ці будуць яны там?»,- падкрэсліў Байдэн.

Акрамя гэтага былы амерыканскі лідар раскрытыкаваў падыход Трампа да дыялогу з Пуціным. Ён абурыўся тым, што стаўленне адміністрацыі ЗША да расейскага дыктатара даволі добразычлівае:

«Я проста не разумею, як людзі думаюць, што калі мы дазволім дыктатару, бандыту, вызначаць, што ён збіраецца захапіць значныя плошчы зямлі, якія яму не належаць, то гэта яго задаволіць. Я не зусім разумею».

Таксама Байдэн выказаў асцярогі, што некаторым краінам NATO, якія мяжуюць з Расеяй, давядзецца пайсці на саступкі Пуціну, калі Украіна саступіць частку сваіх тэрыторый.

Дапамога Украіне

Акрамя таго, Байдэн упэўнены, што пры яго адміністрацыі ЗША надавалі дастатковую падтрымку Украіне. Ён нагадаў, што за тры гады поўнамаштабнага ўварвання РФ Белы дом з часам зняў некаторыя абмежаванні.

«Мы далі ім усё неабходнае для забеспячэння іх незалежнасці і былі гатовыя адказаць больш агрэсіўна, калі Пуцін зноў пачне дзейнічаць», - дадаў экс-прэзідэнт ЗША.

Скандал у Авальным кабінеце

Байдэн выказаўся і пра скандал у Авальным кабінеце, які адбыўся паміж прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, віцэ-прэзідэнтам ЗША Джэй Дзі Вэнсам і Трампам 28 лютага.

«Я мяркую, што тое, як гэта адбывалася, было ніжэй за Амерыку», - заявіў экс-прэзідэнт ЗША.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках