Кінатэатр у Менску абвясціў зніжку 50% на ўсе квіткі ў гонар адкрыцця
7- 7.05.2025, 14:48
- 2,102

Толькі на адзін дзень.
Абноўлены пасля рэканструкцыі сталічны кінатэатр «Масква» павінен адкрыць свае дзверы для наведвальнікаў ужо 7 траўня. У дзень урачыстага адкрыцця будзе дзейнічаць святочная зніжка - 50% на ўсе квіткі, паведамілі ва УП «Кінавідэапракат» Менгарвыканкама.
Сёння там можна паглядзець фэнтэзі «Вочы», баевікі «Minecraft у кіно» і «Расплата 2», а таксама Камедыю «Бес паблытаў». Кошт квітка складае 6,5 рубля.
Рэканструкцыя знакавага для Менска будынка, пабудаванага паводле індывідуальнага праекту пасля Алімпіяды-80, пачалася ў 2023 годзе. Як падкрэсліваў намеснік старшыні Менгарвыканкама Аляксандр Чэрнікаў, асноўнай задачай было абнавіць «начынне», захаваўшы пры гэтым аўтэнтычнасць будынка і зрабіўшы кінатэатр новым пунктам прыцягнення для гараджан.
Падчас работ быў заменены дах, узмоцнены канструкцыі, абноўлены фасад, які абклалі керамагранітам, які імітуе мармур.
Асноўныя змены закранулі ўнутраную прастору, паведаміла дзяржаўнае агенцтва «Минск-Новости». Замест дзвюх залаў цяпер будуць працаваць чатыры: дзве малыя на 48 месцаў кожная, і па адной на 654 і 233 месцы. Іх абсталявалі сучаснымі праектарамі, гукавымі сістэмамі і зручнымі крэсламі. Прадугледжаны таксама спецыяльныя пад'ёмнікі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Акрамя кіназалаў, у абноўленай «Маскве» з'явяцца кавярня і каворкінг - прастора для сустрэч і супольнай працы моладзі.