Украінскія спецслужбы зладзілі дыверсіі супраць УС РФ у Сірыі
6- 7.05.2025, 15:55
- 7,644

Расстралялі самалёт і вывелі з ладу абсталяванне.
Расейскія вайскоўцы ў Сірыі становяцца ахвярамі дыверсій, праз што РФ звярнулася да Сірыі з просьбай прыняць неадкладныя захады, каб гэта спыніць.
Пра гэта піша выданне Defense Express са спасылкай на ўласныя крыніцы.
Так, у Сірыі, нягледзячы на змену ўлады пасля зрынання прэзідэнта Башара Асада, Расея працягвае трымаць там кантынгент і не збіраецца пакідаць авіябазу Хмеймім. Зрэшты, расейцам там неспакойна, бо час ад часу супраць іх невядомыя ладзяць дыверсіі — псуюць вайсковую маёмасць і забіваюць расейскіх жаўнераў.
Як піша Defense Express, РФ звярнулася да новай сірыйскай улады, да Абу Мухамада аль-Джалані, прыняць неадкладныя меры праз дыверсійныя напады ўкраінскіх спецслужбаў на авіябазу Хмеймім. Такія заклікі паступілі да ўладаў Сірыі ў канцы красавіка, калі на авіябазу ў Хмеймім быў учынены шэраг нападаў.
Дзякуючы паспяховым дзеянням украінскіх спецназаўцаў быў выведзены з ладу вузел радыёсувязі і падстанцыя электрасілкавання базы, а 28 красавіка з наяўнага стралковага ўзбраення быў абстраляны расейскі транспартны самалёт Іл-76. У выніку чаго пацверджаная ліквідацыя двух вайскоўцаў РФ, іх дакументы пасля з'явіліся ў сеціве.

Каб абараніць сваю маёмасць у Сірыі РФ паабяцала Дамаску гуманітарную харчовую дапамогу на 5 млн даляраў праз сусветную харчовую праграму ААН.