Belavia папярэдзіла пра затрымкі рэйсаў у РФ
5- 7.05.2025, 18:21
- 4,762

У расейскіх аэрапортах здарыўся калапс напярэдадні візіту Лукашэнкі.
Авіякампанія Belavia папярэдзіла пасажыраў пра магчымыя затрымкі рэйсаў, выкліканыя частковым абмежаваннем палётаў у паветранай прасторы цэнтральнай часткі Расеі ў сувязі з атакай беспілотнікаў. Расказваем, у якія гарады трапіць сёння складаней за ўсё.
Як удакладняецца, часовыя захады могуць паўплываць на графік палётаў у найбліжэйшыя дні. Пасажырам, якія ўжо набылі квіткі, рэкамендуецца сачыць за актуальнай інфармацыяй пра свае рэйсы ў раздзеле «Статус бранявання» на афіцыйным сайце авіяперавозніка – belavia.by.
Акрамя таго, Belavia папярэджвае пра магчымыя змены ў раскладзе рэйсаў у сувязі з падрыхтоўкай да параду ў Маскве, прымеркаванага да 80-годдзя Перамогі. Абноўлены расклад даступны ў раздзеле «Табло вылету-прылёту» на галоўнай старонцы сайта.

Пасажырам раяць загадзя правяраць статус рэйсаў перад выездам у аэрапорт.
Мацней за ўсё праз затрымкі церпяць маскоўскія аэрапорты. У Дамадзедаве затрыманыя 80 рэйсаў, яшчэ 28 скасаваныя. Ва Унукаве – 27 рэйсаў адкладзеныя, пасажырам даводзіцца чакаць да 12 гадзінаў. У Шарамеццеве затрыманыя 122 рэйсы, з іх 52 на вылет і 70 на прылёт. Паводле звестак крыніцаў, 82 паветраныя караблі былі перанакіраваныя на запасныя аэрадромы.
Сітуацыя ўскладненая і ў іншых гарадах. У пецярбургскім Пулкаве скасаваныя 16 рэйсаў, самалёты, якія вылятаюць, выстройваюцца ў чарзе на ўзлёт. Парушэнні раскладу зафіксаваныя таксама ў Казані, Сочы, Ніжнім Ноўгарадзе, Екацерынбурзе, Новасібірску і шэрагу іншых рэгіянальных аэрапортаў.