Трамп афіцыйна абвясціў 8 траўня Днём перамогі ЗША ў Другой сусветнай вайне
49- 7.05.2025, 19:43
- 10,014

Адміністрацыя Трампа апублікавала падпісаную пракламацыю.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп афіцыйна абвясціў 8 траўня Днём перамогі над нацызмам у Другой сусветнай вайне, паведамляецца 7 траўня на сайце Белага дому.
Адміністрацыя Трампа апублікавала падпісаную пракламацыю, паводле якой заўтра ЗША будуць адзначаць 80-я ўгодкі перамогі хаўрусных дзяржаваў над нацызмам і фашызмам, а таксама заканчэння Другой сусветнай вайны ў Еўропе.
«8 траўня 1945 года хаўруснікі прынялі безумоўную капітуляцыю Нямеччыны – пачатак канца шматгадовай, жудаснай і жорсткай вайны. Мільёны бессэнсоўна загубленых душаў служаць напамінам, чаму мы павінны імкнуцца да міру праз сілу. Я па-ранейшаму мае цвёрды намер пакласці канец бясконцым замежным войнам і прадухіліць далейшую гібель людзей. Як я заявіў у сваёй інаўгурацыйнай прамове, мы будзем ацэньваць наш поспех не толькі з перамогаў у бітвах, але і з войнаў, якія мы спыняем, і самай ганаровай маёй спадчынай будзе спадчына міратворца», – цытуе Белы дом прэзідэнта Трампа.
Другая сусветная вайна закончылася 2 верасня 1945 года. Тады на борце амерыканскага лінкора Місуры быў афіцыйна падпісаны акт аб капітуляцыі Японіі. Дакумент падпісалі, з аднаго боку, чальцы дэлегацыі Японскай імперыі на чале з міністрам замежных справаў Японіі Мамору Сігеміцу, а з другога – прадстаўнікі хаўрусных дзяржаваў (ЗША, Кітайскай Рэспублікі, Вялікай Брытаніі, СССР, Аўстраліі, Канады, Францыі, Нідэрландаў і Новай Зеландыі).