У ЗША затрымалі расейца падчас спробы скрасці элітную яхту
4- 7.05.2025, 20:50
- 7,228

Пасля пагоні патрульныя катары загналі яхту ў мангравыя зараснікі.
Спецназ і марская пяхота арыштавалі ў штаце Флорыда (ЗША) грамадзяніна Расеі 29-гадовага Мікалая Вілкава – яго падазраюць у выкраданні буксіра і 20-метровай яхты коштам 2,5 млн даляраў. Пра гэта паведамляе мясцовае медыя Miami Herald.
Расеец паспрабаваў збегчы на раскошным судне, але пасля пагоні патрульныя катары загналі яхту ў мангравыя зараснікі, дзе сілавікі ўжылі слезацечны газ, каб затрымаць зламысніка, калі той адмовіўся здавацца.
Вілкаў учыніў першае злачынства ноччу 5 траўня, калі выкраў буксір. Аднак судна неўзабаве сяло на мелізну. Праз некалькі гадзінаў ён зноў з'явіўся на прыстані Blowing Rocks у сяле Тэквеста і выкраў трохпалубную яхту з прыватнага прычала.
Пры затрыманні ў Вілкава не было зброі і сродкаў сувязі. На борце знайшлі толькі зменнае адзенне. Аўтамабіль мужчына пакінуў на паркоўцы.
Матывы расейца пакуль застаюцца незразумелымі. Ён прызнаўся ў крадзяжы, але не даў ясных тлумачэнняў. Адна з версій – спроба выкрадання яхты з мэтай перапраўкі на Багамы для магчымай кантрабанды. Паводле звестак следства, судна сапраўды мела запас паліва, дастатковы для такога маршруту.
Расеец заявіў, што не размаўляе па-ангельску, і на допыце выкарыстоўваў перакладніка.
Федэральныя органы вызначылі, што Вілкаў – грамадзянін Расеі. У лістападзе 2022 года ён з жонкай і дзіцем прыляцеў з Турцыі ў Мексіку, а ў снежні таго ж года перасёк мяжу ЗША. Ягоныя амерыканскія дакументы паказваюць на пражыванне ў горадзе Шарлот (Паўночная Караліна), за 1000 км ад месца затрымання. 30 красавіка 2024 года ягоная жонка і дзіця паляцелі назад у Расею – прычыны іх ад'езду не ўдакладняюцца.
Вілкаву прад'яўленыя абвінавачанні ў буйным крадзяжы, спробе ўцёкаў ад паліцыі пры абцяжальных абставінах і супраціў пры затрыманні. Ён знаходзіцца пад арыштам.