У Маскву на 9 траўня прыляцеў дыктатар-канібал з Экватарыяльнай Гвінеі
21- 7.05.2025, 21:20
- 14,382

Некалькі гадоў таму з людажэрам сустракаўся Лукашэнка.
Дыктатар-канібал з Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Абіянг Нгема Мбасага прыбыў у Маскву. Ягоны самалёт прызямліўся ў аэрапорце «Унукава-2», паведамляе ТАСС.
Дыктатар афрыканскай дзяржавы паўдзельнічае ў мерапрыемствах, прысвечаных 80-годдзю Перамогі ў ВАВ.
У верасні 2023 года людаед прылятаў у Менск, дзе сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам.
Нагадаем, Мбасага прыйшоў да ўлады ў 1979 годзе, зрынуўшы дыктатарскі рэжым свайго дзядзькі. Пасля неаднаразова прызначаў на дзяржаўныя пасады чальцоў сваёй сям'і: так, у 2012 годзе віцэ-прэзідэнтам стаў ягоны сын Тэадора Нгема Абіянг Мангу. У 2016 годзе кіраўніка пераабралі на новы сямігадовы тэрмін, а Тэадора Нгема Абіянг Мангу атрымаў пасаду першага віцэ-прэзідэнта. У адпаведнасці з заканадаўствам краіны ў выпадку смерці бацькі ён зойме ягоную пасаду.
Мбасога абвінавачваюць у канібалізме. У верасні 2016 г. за публікацыю артыкула пра гэта быў затрыманы галоўны рэдактар ліберыйскай газеты New Democrat. Аўтары публікацыі сцвярджалі, што дыктатар афрыканскай дзяржавы – канібал, ён санкцыянуе выкраданне сваіх апанентаў, а потым есць некаторыя часткі іх целаў, сярод іншага печань і мазгі. Таксама было напісана, што за 30 гадоў кіравання Нгема Мбасага назапасіў вялізнае багацце, у той час як большая частка грамадзянаў краіны жыве ў галечы, амаль не маючы доступу да адукацыі і медыцынскага абслугоўвання.
За час кіравання Мбасага ў краіне ўсталяваўся культ ягонай асобы. У 2003 годзе дзяржаўнае радыё абвясціла, што ён «падобны да Бога на нябёсах» і знаходзіцца «ў няпынным кантакце з Усёмагутным», валодаючы «ўсёй уладай над людзьмі і рэчамі».