8 траўня 2025, Чацвер, 16:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Напярэдадні параду ў Маскве пануе хаос і паніка

11
Наталля Радзіна: Напярэдадні параду ў Маскве пануе хаос і паніка
Наталля Радзіна

Украінская ІПСА спрацавала.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна дала вялікае інтэрв'ю YouTube-каналу вядомага журналіста Яўгена Кісялёва. Беларуская журналістка расказала пра паніку, якая пануе ў Маскве напярэдадні 9 траўня, чаму расейскія дэмакраты ў 90-я гады падтрымалі Лукашэнку і як Украінская ІПСА напалохала Пуціна.

Размова адбылася 7 траўня. Яўген Кісялёў нагадаў, што ў гэты дзень, роўна 25 гадоў таму, у Расеі прайшла першая інаўгурацыя Уладзіміра Пуціна.

“У пэўным сэнсе гэта была знакавая дата і для Лукашэнкі. Таму што тады, як сцвярджаюць злыя языкі, канчаткова разбілася ягоная мара стаць прэзідэнтам Расеі ці “аб'яднанай дзяржавы Расеі і Беларусі". Бо быў такі праект і былі ў Крамлі людзі, якія з ім насіліся — аб'яднаць Беларусь і Расейскую Федэрацыю, зрабіўшы наступным пасля Ельцына прэзідэнтам Лукашэнку”, — расказаў Яўген Кісялёў.

Наталля Радзіна патлумачыла, што ў гісторыі Беларусі 7 траўня мае зусім іншае значэнне:

- Сёння гадавіна знікнення аднаго з лідараў беларускай апазіцыі, былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі, якога Лукашэнка забіў акурат 7 траўня 1999 года. І Лукашэнка да моманту прыходу Пуціна да ўлады ў 2000 годзе ўжо быў дыктатарам.

Нагадаю, што ў 1996 годзе Лукашэнка правёў незаконны рэферэндум, у выніку якога ён стаў узурпатарам, фактычна знішчыў прынцып падзелу ўладаў, разагнаў законна абраны Вярхоўны Савет 13-га склікання. І адбылося гэта не за Пуціным, адбылося гэта за дэмакратам Ельцыным.

Менавіта тады было жорсткае супрацьстаянне Лукашэнкі з парламентам, Вярхоўным Саветам. На той момант у Беларусі быў аднапалатны парламент. Лукашэнку пагражаў рэальны імпічмент. Беларусы маглі ўжо тады развітацца з дыктатарам. Практычна 30 гадоў краіна была б свабоднай. Аднак гэтага не адбылося, бо Лукашэнку тады выратавала расейскае кіраўніцтва.

У крызісны момант, калі Вярхоўны Савет жорстка выступіў супраць правядзення лукашэнкаўскага "рэферэндуму" аб узурпацыі ўлады і падтрымаў Канстытуцыйны суд, які заявіў, што дзеянні Лукашэнкі антыканстытуцыйныя, у Менск уночы 22 лістапада прыляцелі прэм'ер-міністр РФ Віктар Чарнамырдзін, старшыня Дзяржаўнай Думы Генадзь Селязнёў і кіраўнік Савета Федэрацыі Ягор Строеў. Тады яны правялі таемную сустрэчу са старшынём Вярхоўнага Савета Сямёнам Шарэцкім і кіраўніком Канстытуцыйнага суда Беларусі Валерыем Ціхінем. Невядома, пра што былі гэтыя размовы, але іх угаварылі падпісаць нейкае пагадненне з Лукашэнкам.

Называўся гэты дакумент “Аб грамадска-палітычнай сітуацыі і канстытуцыйнай рэформе", у выніку якога Лукашэнка здабыў час. Парламент не абвясціў яму імпічмент, ён правёў “рэферэндум”, разагнаў Вярхоўны Савет, стварыў абсалютна кішэнны “Нацыянальны сход” (гэта ўжо двухпалатны парламент з “надзейных” людзей, якія прызначаюцца самім дыктатарам і галасуюць выключна за ўсе ягоныя ініцыятывы). Тады і пачалася абсалютна рэальная дыктатура ў Беларусі.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org мяркуе, што фармальна дэмакратычныя лідары Расеі ўжо тады марылі аб аднаўленні СССР і заплюшчвалі вочы на дыктатуру ў нашай краіне:

- Нагадаю, што ў 1995 годзе з Беларуссю была падпісаная дамова аб стварэнні Мытнага саюза. У 1996 годзе, 2 красавіка, была падпісаная дамова аб стварэнні “супольнасці” Беларусі і Расеі. А ўжо ў 1997 годзе, таксама 2 красавіка, дамова аб стварэнні “Саюза” Беларусі і Расеі. Сама "Саюзная дзяржава" была ўтвораная 8 снежня 1999 года.

Ішлі працэсы аднаўлення Савецкага Саюза, аднаўлення імперыі. І пачынаць расейцы надумалі з Беларусі. Пастаянна вяліся размовы пра "славянскае братэрства”, пра неабходнасць, каб да гэтага “саюзу” далучылася Украіна.

Таму ў Расеі заплюшчвалі вочы на сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, на ўзурпацыю ўлады дыктатарам, на забойствы апанентаў Лукашэнкі.

Мы ўспаміналі сёння Юрыя Захаранку. А тады, у 1999 годзе, напярэдадні падпісання Дамовы аб стварэнні “Саюзнай дзяржавы”, быў забіты лідар апазіцыі Генадзь Карпенка. Пазней, у верасні, быў выкрадзены і забіты былы віцэ-прэм'ер і віцэ-старшыня Вярхоўнага Савета Віктар Ганчар.

У краіне адбываліся страшныя рэчы, а Дэмакратычная Расея працягвала будаваць з гэтай дзяржавай нейкі “саюз”. Прычым я б тут не хацела папракаць асабіста вас, Яўген, таму што незалежныя медыя ў Расеі тады працавалі дастаткова добра. Магу сказаць, што яны даволі аб'ектыўна асвятлялі сітуацыю ў Беларусі.

Наталля Радзіна мяркуе, што вайна, якую Пуцін і Лукашэнка развязалі супраць Украіны, набліжае падзенне двух рэжымаў і вызваленне Беларусі:

- Пуцін не пойдзе ні на якое замірэнне. Мы бачым, што ён толькі зацягвае час, працягваючы далучаць у гэтую вайну Лукашэнку. Сёння, праз гэтыя 30 гадоў, у беларускага дыктатара ўжо няма ніякай самастойнасці. Пуцін канчаткова падмяў яго пад сябе. Але гэта, уласна, загубіць іх абодвух, таму што я перакананая, што Украіна ў стане перамагчы ў гэтай вайне, якая б цяжкая сітуацыя ні была сёння. Гэтая перамога кардынальным чынам зменіць сітуацыю ва ўсім рэгіёне, непасрэдна ў Беларусі.

Чым яшчэ выкліканы мой аптымізм? У апошні час з'явілася шмат матэрыялаў (у тым ліку пра гэта пісаў брытанскі The Economist) аб развіцці ваенна-прамысловага комплексу Украіны. Пра тое, што сёння ўкраінскі ВПК робіць вялікія поспехі і вырабляе вельмі моцную зброю, далёкія і блізкія дроны, нават дальнабойныя ракеты.

Гэта дае мне надзею і ўпэўненасць самім украінцам, што ў іх ёсць шанцы перамагчы ў гэтай вайне, нават калі не будзе амерыканскіх паставак зброі або яны будуць у абмежаванай колькасці. Таму што пры падтрымцы Еўропы, якая гатовая надаць дапамогу Украіне, пры фінансавых уліваннях з боку Еўразвязу, той жа ўкраінскі ВПК, украінскае войска, знаходзячыся ў абароне, можа пратрымацца вельмі і вельмі доўга, наносячы Расеі сур'ёзную шкоду.

Беларуская журналістка мяркуе, што слабае месца рэжыму Пуціна - гэта эканоміка:

- Мы бачым, што кошты нафты пачалі падаць, мы бачым, што на гэтым фоне краіны OPEC+ прадаўжаюць павялічваць аб'ёмы здабычы нафты. Гэта непасрэдным чынам адбіваецца на эканоміцы Расеі. Гэта сапраўды таксама ўплывае на эканоміку Беларусі, нават у большым аб'ёме, бо яна сёння татальна залежная ад Расеі.

Больш за 95% беларускага экспарту, пакуль рэжым знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі, ідзе альбо ў Расею, альбо праз Расею. На чым трымаецца беларуская эканоміка? Асноўны экспартны артыкул - гэта нафтапрадукты і калійныя ўгнаенні. Нафтапрадукты вырабляюцца з расейскай нафты.

Адпаведна, калі падае кошт нафты, значыць падаюць і кошты вырабленых у Беларусі нафтапрадуктаў. Больш за тое, у сітуацыі відавочнага крызісу, які цяпер будзе ў Расеі, зніжаецца і попыт не толькі на нафтапрадукты, але і іншыя беларускія тавары. Так што сітуацыя даволі цяжкая, і тым больш мы бачым, што Еўразвяз не мае намеру нейкім чынам змякчаць санкцыі як у дачыненні да Расеі, так і ў дачыненні да Беларусі. Цяпер абмяркоўваецца 17 пакет санкцый. Гэта ўсё дае надзею, таму я б тут не ўпадала ў песімізм. Давайце паглядзім, што будзе далей.

Наталля Радзіна пракаментавала масавыя атакі ўкраінскіх дронаў на вайсковыя аб'екты ў Расеі, якія мы бачым апошнія дні:

- У Расеі ўзнікла паніка ў сувязі з тым, што Украіна адмовілася ісці на трохдзённае, зручнае Пуціну, замірэнне.

Паўсюднае адключэнне інтэрнэту, праблемы, якія ўзніклі ў сувязі з гэтым у крамах з аплатай карткамі, з банкаматамі, ну і, адпаведна, закрыццё аэрапортаў па ўсёй Расеі. Гэта ўсё выклікала, вядома, хаос. Тут я расейцаў не шкадую, тым больш не шкадую лідараў краін, якія надумалі ехаць на парад да вайсковага злачынцы.

Фактычна, яны ўсе суўдзельнікі ваенных злачынстваў Пуціна, калі яны едуць на яго прапагандысцкае мерапрыемства. Думаю, што акцыя запалохвання Пуціна ўдалася. І вельмі добра, што пра магчымыя ўдары па Маскве сталі казаць украінскія экспэрты і афіцыйныя асобы.

Яўген Кісялёў выказаў меркаванне, што Украіна не можа ўдарыць па парадзе на Чырвонай плошчы, бо да Пуціна прыляцяць лідары краін, якія фармальна падтрымліваюць Украіну — кіраўнік Азербайджана Ільхам Аліеў (пасля заканчэння інтэрв'ю, 7 траўня, стала вядома, што Аліеў скасаваў візіт — заўв. прэзідэнт Казахстана Касым Жамарт-Такаеў, прэм'ер Арменіі Нікол Пашынян. Наталля Радзіна кажа, што гэтыя палітыкі “сядзяць на двух крэслах”:

- З аднаго боку - яны падтрымліваюць Украіну. Хтосьці на словах, хтосьці гуманітарнай дапамогай, можа, нейкімі кампанентамі для ўзбраенняў, хтосьці і зброяй. Аднак яны актыўна супрацоўнічаюць з Пуціным, дапамагаюць яму і Лукашэнку абыходзіць заходнія санкцыі. Мы выдатна ведаем усе гэтыя схемы. Цяпер яны едуць на парад да вайсковага злачынцы. І нешта мне гэта нагадвае.

Мы пачалі размову са станаўлення дыктатуры Лукашэнкі. Тая ж самая беспрынцыповасць была і ў Ельцына ў дачыненні да Беларусі. Таксама сябе паводзіла і Грузія. Дэмакрат Міхаіл Саакашвілі, прыйшоўшы да ўлады ў выніку “рэвалюцыі ружаў”, стаў актыўна супрацоўнічаць з дыктатарам Лукашэнкам. Тое ж самае я магу сказаць пра дэмакратаў Віктара Юшчанку і Юлію Цімашэнку, якія прыйшлі да ўлады ва Украіне ў выніку “Аранжавай рэвалюцыі”, тое ж самае магу сказаць і пра Пятра Парашэнку, які прыйшоў пасля Еўрамайдану. Каго ён першым запрасіў на сваю інаўгурацыю? Лукашэнку. У мяне быў проста шок, я не чакала гэтага. Я знаёмая з Пятром Аляксеевічам, мы напярэдадні яго інаўгурацыі сустракаліся ў Вільні. Тады ён слова добрага не сказаў пра дыктатара, я не буду паўтараць эпітэты, якімі ён яго ўзнагароджваў. І пасля Еўрамайдана, на якім загінуў беларус Міхаіл Жызнеўскі, у якім удзельнічалі многія прадстаўнікі беларускай апазіцыі, дыктатара запрасілі ў Кіеў на інаўгурацыю прэзідэнта.

І Уладзімір Зяленскі прадоўжыў актыўнае супрацоўніцтва з Лукашэнкам. Нават пасля пратэстаў 2020 года Украіна не ўвяла эканамічныя санкцыі супраць рэжыму, наадварот, 2020-2021 год быў рэкордным у тавараабарачэнні дзвюх краін. Украіна актыўна закупляла беларускія нафтапрадукты, зробленыя з расейскай нафты. Толькі ў 2022 годзе, калі з тэрыторыі Беларусі ляцелі ракеты і ішлі салдаты РФ, ва Украіне зразумелі, хто такі Лукашэнка.

Таму беспрынцыповасць гэтых палітыкаў, не заўсёды дыктатараў (Такаеў — аўтакрат, Аліеў — усё ж такі дыктатар, у мяне шмат сяброў з Азербайджана, якія ў тым ліку прайшлі і праз турмы), можа дрэнна для іх скончыцца.

Можа, мы будзе называць рэчы сваімі імёнамі? Час задумацца, што адбываецца на постсавецкай прасторы. Чаму дэмакратыі, якія нядаўна з’явіліся, сядзяць на дзвюх крэслах? Гэта прыводзіць да катастрафічных наступстваў. Нам, дэмакратам на постсавецкай прасторы, патрэбная рэальная салідарнасць.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках