У Беларусі запусцілі начныя тарыфы на зарадку электрамабіляў
6- 8.05.2025, 18:20
- 4,702

Названыя кошты.
У Беларусі запусцілі начныя тарыфы на зарадку электрамабіляў, паведамляе «Точка».
Яны будуць даступныя з 22:00 да 09:00.
Калі ўдзень кошт зарадкі пастаянным токам (DC) складае 61 капейку за 1 кВт⋅г, то ў начны час - ад 45 да 50 капеек.
Пакуль начныя тарыфы дзейнічаюць не ўсюды. У Менску яны даступныя на станцыях BatteryFly у ТРЦ «АрэнаСіці» і хабе ў ТРЦ Palazzo.
Усталёўваліся зарадкі і на запраўках United Company на Дзяржынскага, 132, вул. Ціміразева, 3, і Пераможцаў, 102.
Што ў рэгіёнах?
У Гародні зараджацца танней у начны час можна ў ТРК «Трыніці». Тое ж самае тычыцца станцый у Магілёве, Бабруйску, Ашмянах і Маладзечне.
Таксама ёсць станцыі ў Магілёве на Карла Маркса, 23Б (каля новага корпуса БХМД). Дзве з іх маюць магутнасць 60 кВт, адна - 120 кВт. Усе яны абсталяваныя раз’ёмамі GB/T. Яны таксама «сябруюць» з начнымі тарыфамі.
«Мы працягваем развіваць зарадную інфраструктуру ў рэгіёнах Беларусі. Адкрыццё станцый у Магілёве і запуск начных тарыфаў у розных гарадах - важны крок, які робіць электрамабілі яшчэ больш зручнымі для беларусаў. Акрамя таго, гэта дазваляе забяспечыць раўнамерную нагрузку на зарадную інфраструктуру», - адзначылі ў BatteryFly.
Зараджацца ў начны час можна з дапамогай дадатку аператара. Акрамя таго, там можна рэзэрваваць зручны час, адсочваць статус зарадкі і рабіць аплату.