«Крамбамбуля» выпусціла першую песню за восем гадоў
3- 9.05.2025, 18:01
- 6,808

Сінгл называецца «Толькі перамога!».
Праект «Крамбамбуля» легендарнага беларускага музыканта Лявона Вольскага 9 траўня апублікаваў новую песню – «Толькі перамога!». Гэта першы рэліз калектыву за восем гадоў.
Раней Лявон Вольскі анансаваў выхад новага сінгла ў сваім Facebook - падпісанты музыкі на Patreon нават маглі паслухаць песню на тыдзень раней.
«Нам адна дарога – толькі перамога/Колькі б воўк не валок, павалакуць і воўка», – спявае ў сінгле Вольскі.
Агулам стылістыка аранжыровак і самой песні адсылае да апошняй вялікай працы «Крамбамбулі» — «Паўстанцкага» альбома «Чырвоны штраль», які выйшаў у 2015 годзе. Пасля гэтага гурт выпусціў толькі адну песню — «Партызаны каляднага лесу», якая была прадстаўленая ў канцы 2017-га.
Праект «Крамбамбуля» быў створаны ў Менску з падачы Вольскага ў 2001 годзе, у запісах бралі ўдзел многія вядомыя музыканты: Сяргей Міхалок з «Ляпіса Трубяцкога», Аляксандр Кулінковіч з Neuro Dubel. Гурт граў пераважна поп-рок з характэрнымі іранічнымі тэкстамі. Пазней Многія створаныя праектам песні ператварыліся ў гіты. Самыя папулярныя на Spotify - «Госці», «Абсэнт», «Турысты», «Dolce Vita», «Каб мы калі каму чаго».