10 траўня 2025, Субота, 9:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Шпіёны» як тавар

3
«Шпіёны» як тавар
Ірына Халіп
Фота: «Наша Ніва»

Закладнікі ў падарункавай абгортцы.

На гэтым тыдні прапагандысты надумалі паказаць па тэлевізары «польскіх шпіёнаў». Я даўно заўважыла, што ў Беларусь вярнуўся не толькі ўзровень рэпрэсій трыццаць сёмага года, але і рыторыка: ворагі народа, шкоднікі, польскія шпіёны, японскія шпіёны, дыверсіі, сабатаж і іншае. Для поўнай і ўсёабдымнай перамогі ГУЛАГа рэжыму без шпіёнаў, вядома, не абысціся.

Але ва ўмовах нашага стагоддзя замежных грамадзян, як правіла, абвінавачваюць у шпіянажы не столькі для таго, каб выканаць план ворагаў народа і расстраляць, колькі для абмену на каго-небудзь ці на што-небудзь. Ці проста зрабіць быццам бы шчодры падарунак у выглядзе вызваленага грамадзяніна – Трампу ці Дуду, імператару Нарухіта – у надзеі на зваротны падарунак, пажадана даражэйшы. Затым і паказваюць: нагадваюць пра закладнікаў. «У нас тавар, у вас купец».

Усе гэтыя «японскія шпіёны» - у спісе палітвязняў. Паводле звестак «Вясны», паводле артыкулаў «Агентурная дзейнасць» і «Шпіянаж» цяпер адбываюць пакаранне 17 чалавек. (Зразумела, гэта толькі тыя, пра каго вядома праваабаронцам.) Сярод іх-грамадзяне Украіны, Польшчы, Расеі, Латвіі, Літвы, Японіі. Тэрміны - ад 4 да 20 гадоў пазбаўлення волі. Але ў інфармацыі аб адным з палітвязняў-«шпіёнаў» дапушчана памылка. Гэта ўдалося высветліць дзякуючы маім калегам з Літвы. Імя палітвязня - Сяргей Ботвіч.

У спісе «Вясны» ён чамусьці лічыцца грамадзянінам Расеі. А ў Расні пра такога грамадзяніна і не чулі (гэта, у сваю чаргу, высветлілі расейскія праваабаронцы), паколькі ён ніколі расейскага грамадзянства не меў. Сяргей Ботвіч - грамадзянін Літвы, ураджэнец Гародн . Артыкул – «Агентурная дзейнасць», тэрмін - 13 гадоў узмоцненага рэжыму.

Літоўскага бізнэсоўца Ботвіча затрымалі 21 чэрвеня 2021 года, калі ён прыехаў у Беларусь наведаць сястру і магілы бацькоў. Потым паўтара года яго трымалі ў адзіночнай камеры СІЗА КДБ. Часам допыты доўжыліся па дзесяць гадзін на дзень. Падчас такіх допытаў Ботвічу не давалі ні ежы, ні пітва - пры тым, што ў яго дыябет, а ў дыябетыкаў вельмі строгія дыетычныя абмежаванні: яны не могуць доўгі час знаходзіцца без ежы праз высокую рызыку гіпаглікемічных комы. Ад Ботвіча патрабавалі прызнання ў тым, што ён з'яўляецца супрацоўнікам ДДБ Літвы. Прычым нават не завербаваным агентам, а штатным супрацоўнікам выведкі. Жонцы Сяргея Вользе ў Літву названьвалі кадэбэшнікі - казалі, што выратаваць мужа можа толькі яна, калі прывязе ў Менск ягоны службовы тэлефон, якім Ботвіч карыстаўся ў Літве.

Вольга Ботвіч катэгарычна адмовілася ехаць у Беларусь. Пасля года бясплённых допытаў – Сяргей адмовіўся сябе агаворваць, – у чэрвені 2022 года Вользе напісалі з ягонага рахунку ў тэлеграм. Быццам бы гэта муж піша - «Выратуй мяне, прывязі тэлефон». Жонка, якая ўвесь гэты час сачыла за навінамі з Беларусі і бачыла, як катуюць людзей, фабрыкуюць справы, лепяць прысуды, не паверыла правакатарам. У выніку кадэбэшнікі паспрабавалі і гэта перакруціць на сваю карысць: Ботвіч настолькі заканспіраваны супрацоўнік літоўскай выведкі, што нават жонка пра гэта не ведае і не здагадваецца. А арыштанту следчы з удаваным сумам сказаў: мы б і хацелі, ды ніяк не можам вас адпусціць, вы ж усё раскажаце ў Еўропе. А далей - суд у закрытым рэжыме і прысуд 13 гадоў. А што там Ботвіч будзе распавядаць праз 13 гадоў - беларускіх гэбістаў не хвалюе. Яны разумеюць, што да таго часу будуць пацягваць кактэйлі на пляжы каля ўласнай вілы, калі пашанцуе, або сядзець у бараку і хадзіць на «промку», калі не пашанцуе. Але навошта пра гэта думаць цяпер, калі жыццё здаецца такім сытым, а адчуванне беспакаранасці надае сіл і апетыту.

У адным з лістоў, якія цудам трапілі ў Літву да сяброў Сяргея Ботвіча, ён пісаў: «У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар Еўразвязу. Гэты спрут з назвай з камуністычнага мінулага цынічна і нахабна прысутнічае на еўрапейскай тэрыторыі, урываецца ў прыватнае жыццё, запалохвае і вярбуе еўрапейскіх грамадзян, праслухоўвае іх тэлефонныя размовы».

Цяпер зразумела, што мелі на ўвазе гэбісты, калі казалі Ботвічу, быццам не могуць яго адпусціць нават пры поўнай адсутнасці доказаў, інакш ён у Еўропе ўсё раскажа. Не таго яны асцерагаліся, што раскажа пра катаванні: пра тое, як катуюць палітвязняў, як выбіваюць прызнанне віны, як ствараюць невыносныя ўмовы, пры якіх не ўсе выжываюць, свет і так ведае, прычым у падрабязнасцях. Кожны ацалелы, які выйшаў на волю, і які здолеў бегчы з краіны распавядае пра гэта, дапаўняючы жахлівую карціну ўласнымі дэталямі. А асцерагаюцца спецслужбы менавіта таго, што можна прачытаць паміж радкоў таго ліста. Іх метады ў Беларусі вядомыя ўсім і нават выстаўляюцца напаказ, смакуюцца: дастаткова ўспомніць дэманстрацыю па БТ збітых і параненых палітвязняў. А вось маштабы дзейнасці КДБ у Еўропе ўсё яшчэ застаюцца таямніцай. Спадзяюся, ненадоўга.

Ірына Халіп, адмыслова для Charter97.org

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках