Індыя і Пакістан: чыё войска мацнейшае?
8- 9.05.2025, 15:57
- 5,098

Абедзве краіны пашыраюць свой парк беспілотнікаў.
Пакістан заявіў, што яго вайскоўцам удалося збіць 25 індыйскіх беспілотнікаў, якія атакавалі розныя гарады краіны. Атакі беспілотнікаў рушылі за авіяўдарамі, якія нанеслі індыйскія вайскоўцы ў Пакістане.

"Гэта чарговы акт вайсковай агрэсіі з боку Індыі", - заявіў афіцыйны прадстаўнік пакістанскай арміі Ахмед Шарыф Чаўдхры.
Індыя заявіла, што «нэўтралізавала» пакістанскія дроны і ракеты на падлёце да сваёй тэрыторыі.
Якая прапорцыя войскаў гэтых дзвюх краін па сваёй вайсковай моцы?
Дроны

Абедзве краіны пашыраюць свой парк беспілотнікаў - як за кошт імпарту дронаў, так і за кошт развіцця ўласных тэхналогій і вытворчасці. Індыя ў лідарах паводле колькасці беспілотнікаў. Як сказаў ВВС вайсковы экспэрт Рахул Бедзі, у войску Індыі праз два — чатыры гады будзе блізу 5000 дронаў.
У 2024 годзе Індыя падпісала пагадненне з Дзярждэпартаментам ЗША аб куплі 31 беспілотніка-баявых MQ - 9b SkyGuardian і марскіх SeaGuardian.
У той час як Пакістан мае менш беспілотнікаў, чым Індыя, яго вайсковыя беспілотнікі таксама маюць разнастайныя магчымасці, такія як назіранне, выведка і кропкавыя ўдары.
Ключавой перавагай пакістанскіх дронаў з'яўляецца назапашаны досвед іх выкарыстання ў баявых дзеяннях. Так, пакістанскі беспілотнік Buraq выкарыстоўваецца ў антытэрарыстычных аперацыях з 2015 года.
Пакістан, як і Індыя, актыўна імпартуе найноўшыя дроны - у асноўным з Турцыі і Кітая.
Вайсковыя выдаткі і колькасць войскаў

Ёсць асцярогі, што дзве краіны зноў пачнуць поўнамаштабную вайну — у апошні раз гэта здарылася ў 1999 годзе.
Колькасць войск Індыі складае 1,4 млн чалавек, краіна, паводле незалежнага рэйтынгу Global Firepower Index, займае чацвёртае месца сярод самых магутных у вайсковым плане дзяржаў. У Пакістана войска значна меншае і налічвае 654 тысячы вайскоўцаў.
Выдаткі Індыі на абарону ў 2024 годзе таксама ў дзевяць разоў перавышалі выдаткі Пакістана, вынікае з дакладу Стакгольмскага інстытута даследавання праблем міру (SIPRI).
Што тычыцца наземных войскаў, то ў Індыі больш за 4200 танкаў і 1,5 млн адзінак бранятэхнікі. У Пакістана больш за 2600 танкаў і менш за 18 000 адзінак бранятэхнікі.
На ўзбраенні ваенна-паветраных сіл Індыі знаходзяцца 2229 самалётаў, уключаючы 513 знішчальнікаў і 130 бамбавікоў. Са звестак Global Firepower Index, у Пакістана на 830 самалётаў менш.
У распараджэнні ВМС Індыі 293 судны, што ўдвая большыя, чым у Пакістана.
Ракеты і ядзерная зброя

Ракетная праграма Пакістана трохі адстае ад індыйскай і ўключае крылатыя і балістычныя аператыўна-тактычныя ракеты, а таксама ракеты сярэдняй і меншай далёкасці.
Індыя валодае больш шырокім дыяпазонам ракет: гэта і ракеты Prithvi з далёкасцю ад 250 да 600 кіламетраў; таксама ракеты серыі Agni з далёкасцю ад 1200 да 8000 кіламетраў, а таксама крылатыя ракеты серый Nirbhaya і Brahmos.
Наяўнасць у Індыі ракет рознай далёкасці дэманструе намер краіны стрымліваць Кітай, з якім у яе таксама ёсць тэрытарыяльныя спрэчкі.
Аднак больш разнастайны ў далёкасці набор ракет не кажа пра тое, што Індыя зможа лёгка атрымаць перамогу над Пакістанам — не варта забываць, што абедзве краіны маюць ядзерную зброю.
Паводле ацэнак SIPRI, у Індыі на ўзбраенні 172 ядзерныя боегалоўкі, тады як у Пакістана — 170.
Аднак няма дакладнай інфармацыі пра тое, колькі з гэтых ядзерных боегаловак знаходзяцца ў баявой гатоўнасці ў дзвюх краін.

Пакістан распрацоўвае ядзерную зброю, каб канкурыраваць з Індыяй, а Індыя сканцэнтравана на стварэнні ракет вялікай далёкасці, якія ў тым ліку могуць быць накіраваныя на Кітай.
Наступствы патэнцыйнага канфлікту могуць быць катастрафічнымі, паколькі Кітай, сусед Індыі і Пакістана, таксама павялічыў свой ядзерны арсенал на 22%, давёўшы колькасць боегаловак з 410 да 500.
Стаўкі ў гэтым канфлікце надзвычай высокія, таму міжнародная супольнасць заклікае абедзве краіны праяўляць стрыманасць.