10 траўня 2025, Субота, 2:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Папа Леў XIV адслужыў першую імшу

Папа Леў XIV адслужыў першую імшу

Гэта было яго першае публічнае набажэнства на пасадзе Наступніка святога Пятра.

У пятніцу, 9 траўня, новаабраны Папа Леў XIV узначаліў святую Імшу ў Сікстынскай капэле Апостальскага палаца ў Ватыкане, адзначаючы заканчэнне Канклава. Гэта было яго першае публічнае набажэнства на пасадзе Наступніка святога Пятра.

Пра гэта паведамляе Vatican News. У сваёй гаміліі ён падкрэсліў важнасць асабістага сведчання веры і ахвярнага служэння на карысць усяго чалавецтва.

У сваёй глыбокай пропаведзі ён засяродзіўся на прызнанні апостала Пятра.

«Ты – Хрыстос, Сын Бога жывога» (Мц 16, 16), якое, паводле Папы, дагэтуль вызначае сутнасць веры Касцёла», – сказаў Папа.

Ён адзначыў, што Ісус з'яўляецца не толькі абвяшчэннем Айца, але і адзіным Збавіцелем чалавецтва, а Касцёл пакліканы несці яго святло нават у самых складаных абставінах цяперашняга часу.

Папа падкрэсліў важнасць місіі ў сучасным свеце, дзе хрысціянскую веру часта абясцэньваюць ці прымяншаюць. Ён абазначыў дзве распаўсюджаныя пазіцыі сучаснасці што да Ісуса – абыякавасць свету і абмежаванае прызнанне з боку простых людзей – заклікаючы замест гэтага да поўнага і жывога сведчання веры.

У звароце да свайго ўласнага паклікання Папа Леў XIV сказаў, што імкнецца быць адданым кіраўніком даверанага яму скарбу веры, «знікаць, каб застаўся Хрыстос», і служыць Царкве як гораду на ўзгорку і каўчэгу збаўлення.

Асобную ўвагу Пантыфік удзяліў кантрасту паміж бачаннем Ісуса з боку «свету» і з боку вернікаў. У прамове ён згадаў прыклад Кесарыі Філіпавай - месца раскошы, палітычнай улады, але таксама духоўнай абыякавасці.

Свет, на думку Папы, альбо адпрэчвае Хрыста, калі яго прысутнасць становіцца нязручнай, альбо ўспрымае яго павярхоўна – як маральнага аўтарытэта, але не як Збавіцеля.

І менавіта гэта, са слоў Льва XIV, і з'яўляецца найбольшым выклікам сучаснасці: фактычны атэізм нават сярод хрышчоных.

“Мы пакліканыя сведчыць радасную веру ў Ісуса Збавіцеля, асабліва там, дзе кпяць з веры, пагарджаюць ці шкадуюць яе”, - сказаў Папа, заклікаючы Касцёл не адступаць нават у самых цяжкіх абставінах, а заставацца крыніцай надзеі, міласэрнасці і ісціны.

У прамове аб сваёй новай місіі як Біскупа Рыма і Наступніка святога Пятра Леў XIV працытаваў святога Ігната з Антыёхіі. Ён падкрэсліў, што ўлада ў Касцёле – гэта найперш служэнне, ахвяра і ўменне быць апошнім, каб іншыя маглі спазнаць Хрыста.

Напрыканцы гаміліі Папа папрасіў малітваў аб ласцы вернасці, пакоры і сілы служыць Хрысту да канца. Ён даверыў сваё служэнне Найсвяцейшай Панне Марыі - Маці Царквы, просячы яе далікатнага заступніцтва.

Гамілія Папы Льва XIV ужо паспела знайсці водгук у СМІ, рэлігійных колах і сярод вернікаў ва ўсім свеце. Яна задае тон яго Пантыфікату, у якім прыярытэтам, здаецца, стане абнаўленне духоўнага жыцця, місіянерства і вернасці Евангеллю ў няпростым свеце.

Выказваючыся з глыбокай пакорай, ён скончыў сваё слова малітвай з просьбай годна выканаць сваю місію пад заступніцтвам Найсвяцейшай Марыі, Маці Царквы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках