Беларусам для ведання: Куды паехаць з Варшавы на ровары
- 9.05.2025, 20:59
- 1,886

Беларускі раварыст скалясіў польскую сталіцу ўздоўж і ўпоперак і падзяліўся досведам.
Яўген (імя змененае) – раварыст са стажам. Катацца пачынаў у Беларусі, а год таму пераехаў у Варшаву, далучыўся да гарадскога велакам'юніці і з тых часоў скалясіў горад уздоўж і ўпоперак.
Ён расказаў MOST, чым польская сталіца зручная для раварыстаў, як у Варшаве перасаджваюцца на ровары і куды варта з'ездзіць аматарам велапрагулак.
Аддаў на ровар 2,5 тыс. еўраў
«Паглыбляцца ў роварную культуру» Яўген пачаў пяць гадоў таму. Тады ж набыў першы дарагі ровар – за 2,5 тыс. еўраў.
– Цяпер у мяне дома тры ровары. Усе пытаюцца навошта. Дакладна кажучы, сам не ведаю. Як быццам пад розны настрой – розныя ровары. Язда дапамагае мне псіхалагічна разгрузіцца і выветрыць галаву, калі сумна. Ты выязджаеш, думаеш, атрымліваеш асалоду ад прыроды – атрымліваецца такі шматфункцыянальны спорт, – тлумачыць беларус.
Спецыяльны святлафорчык для раварыстаў

Катацца Яўген пачынаў яшчэ ў Беларусі. Якасць дарог і адносіны да раварыстаў маладога чалавека тады здзіўлялі: не ўсюды пракладвалі веладарожкі, а на тых, што былі, асфальт нярэдка быў пашкоджаны. Ды і іх часта займалі пешаходы.
У Польшчу Яўген пераехаў год таму – і адчуў розніцу.
– Для мяне было ў навінку, што тут шмат веладарожак і што тут дапускаецца ехаць разам з машынамі [па аўтамабільнай дарозе], калі веладарожка пашкоджаная. У Польшчы велакультура вельмі развітая. Напрыклад, у Познані я бачыў скрыжаванне – там у цэнтры ўсталявалі спецыяльны святлафорчык для раварыстаў.
Па горадзе расстаўленыя станцыі з інструментамі
З назіранняў Яўгена, у Польшчы пешаходы вельмі рэдка выходзяць на веладарожкі, а калі гэта і здараецца, просяць прабачэння і вызваляюць шлях.
Адзначае беларус і развітую роварную інфраструктуру. Напрыклад, па Варшаве расстаўленыя спецыяльныя станцыі з інструментамі, каб раварыст мог падкруціць дэталі.
– Нядаўна звярнуў увагу, што ў цэнтры Варшавы веладарожка была зробленая з тратуарнай пліткі. Увесну плітку прыбралі і закаталі там гладкі асфальт – для мяне было шокам, што яны падрыхтаваліся да роварнага сезону. У маім родным горадзе некалькі гадоў звычайную дарогу не маглі зрабіць, а тут дарожку для раварыстаў памянялі.
Стымулююць перасаджвацца на ровар і прапановы велашэрынгаў: першыя 20 хвілінаў паездкі – бясплатныя.
Галоўнае правіла – лямпачкі і шаломы
Амаль адразу пасля пераезду ў Варшаву Яўген далучыўся да кам'юніці kontra 022 – гэта нефармальны праект, які аб'яднаў аматараў і прафесійных раварыстаў. Як правіла, за тыдзень праводзіцца некалькі заездаў, ад простых – для аматараў, да складаных – для прафесіяналаў і экстрэмалаў. Яўген катаецца два разы на тыдзень.
– Напрыклад, у аўторак мы ладзім chill ride (спакойны заезд. – Пер. MOST) – удзельнічаюць усе ахвотныя, а рухаемся мы вельмі слабенькім тэмпам. Галоўнае правіла – лямпачкі і шаломы. А ў чацвер праходзіць больш сур'ёзны заезд – разганяемся да 40 кіламетраў за гадзіну.

Яўген расказвае, што ў цёплы час года ў заездах удзельнічае блізу 50 чалавек. Прыязджаюць раварысты розных узростаў – ад школьнікаў да ўдзельнікаў старэйшых за 40. Гэта і палякі, і замежнікі, у тым ліку беларусы і ўкраінцы. А нядаўна Яўген пазнаёміўся з хлопцам з Саудаўскай Аравіі – цяпер яны ўдзельнічаюць у заездах разам.
Удзельнікі збіраюцца, як правіла, у цэнтры горада і адтуль едуць да кальцавой. Заезд доўжыцца блізу дзвюх гадзінаў. Пасля раварысты выпраўляюцца ў парк, ладзяць невялікі пікнік і стасуюцца.
– Гэта спосаб і сацыялізацыі, і прасоўвання велакультуры.
Куды з'ездзіць раварысту з Варшавы
За год Яўген аб'ездзіў Варшаву і яе наваколлі. Прызнаецца, што горад яму ўжо крыху надакучыў.
– Раю з'ездзіць да возера Зегжэ (Jezioro Zegrzyńskie). Часткова дарожка ідзе па жвіры, але калі пачынаецца асфальт – вельмі класна, таму што едзеш уздоўж канала. Дарога туды і назад складзе блізу 50 кіламетраў.
Яшчэ адзін маршрут, які Яўген раіць аматарам ровараў – дарога ад Варшавы да мястэчка Гура-Кальварыя. Беларус адзначае, што гэты шлях падыдзе тым, хто любіць ездзіць па шашы.
– Гэта дарога ўздоўж Віслы – раварыстаў там катаецца вельмі шмат. У канчатковым выніку ўсе прыязджаюць у роварную кавярню ў Гура-Кальварыі, дзе можна паесці, пафатаграфавацца і адпачыць.
Уладальнікам горных ровараў Яўген прапануе з'ездзіць у Кампіноскі нацыянальны парк.