Першы ў свеце лётны аўтамабіль прададуць за $1 мільён
1- 9.05.2025, 21:52
- 3,646

Стала вядома, калі AirCar зявіцца на рынку.
Кампанія Klein Vision са Славакіі паказала першы прататып двухмеснага лётнага аўтамабіля AirCar 2. Прадаваць аўто хочуць у пачатку 2026 года.
Старт вытворчасці AirCar 2 прызначаны на верасень, паведамляе Top Gear.
Машыну аснасцяць новым бензінавым рухавіком ад паўднёваафрыканскага пастаўшчыка ў трох версіях магутнасці: 280, 320 і 340 конскіх сілаў.
Klein Vision заяўляе пра бяспечную максімальную хуткасць да 200 км/г па дарозе і да 250 км/г у паветры. Прычым трансфармацыя з аднаго стану ў іншы займае блізу 80 секундаў. Запас ходу ў рэжыме самалёта – да 1000 км.
Памер у рэжыме аўтамабіля: 2 метры ў шырыню, блізу 6 метраў у даўжыню і 1,8 метра – у вышыню. Габарыты аўто супастаўныя з Rolls-Royce Phantom ва ўсім, акрамя вышыні.
«Не забывайцеся, гэтая штука лятае. У яе ёсць крылы, па-майстэрску ўбудаваныя ва ўласную архітэктуру», – падкрэсліваюць аўтары.
Крылы аўто раскрываюцца на пстрычку пераключальніка, іх агульны размах складае 8,2 метра. Хвост таксама высоўваецца і дапаўняе даўжыню да 7 метраў.
У рэжыме палёту AirCar 2 паднімаецца на максімальную вышыню 3 кіламетры, а далёкасць – да 1000 кіламетраў. У аўто ўстаноўленыя тры паліўныя бакі: адзін – у цэнтры і два – па баках сумарным аб'ёмам 160 літраў.
– Вы проста пад'язджаеце да ўзлётна-пасадачнай паласы, націскаеце кнопку, і машына ператвараецца ў самалёт. Стырно дзейнічае як штурвал. Вам не трэба вывучаць нічога новага, – кажуць распрацоўнікі.
Klein Vision хоча збіраць да 100 AirCar 2 машынаў за год, кошт папярэдняга заказу – ад 800 тысячаў да 1 млн даляраў. Транспартнае бюро Славакіі выдала прататыпу Aircar сертыфікат лётнай прыдатнасці, бо ён здзейсніў больш за 500 паспяховых тэставых палётаў.