У Беластоку на 115-годзьдзе Ларысы Геніюш перавыдалі ўспаміны паэткі
3- 5.02.2025, 15:36
![У Беластоку на 115-годзьдзе Ларысы Геніюш перавыдалі ўспаміны паэткі](https://i.c97.org/p/articles/ai-163764-aux-head-larisa_geniush_360.jpeg)
Кнігу ўжо можна заказаць.
Фонд «Камунікат» і Цэнтар беларускай культуры ў Беластоку перавыдаюць успаміны паэткі Ларысы Геніюш, якія раней выходзілі з назвай «Споведзь». Новае выданьне будзе называцца «Птушкі бяз гнёздаў», паведамляе «Радыё Свабода».
Кнігу ўжо можна заказаць са зьніжкай на сайце Kamunikat.shop. Высылка пачнецца пасьля 16 лютага.
Кніга раней выходзіла на некалькіх мовах і пад рознымі загалоўкамі — у арыгінале «Споведзь», па-польску «Ptaki bez gniazd», а па-чэску — «Pani Doktorowa». Аднак, як у «Слове ад унука» піша Міхась Геніюш, сама аўтарка лічыла, што кніга мусіць называцца — «Успаміны».
«Мая бабуля супраціўлялася такой назве [Споведзь] яшчэ пры жыцьці, сьцьвярджаючы, што людзі вызнаюць свае грахі і дрэнныя ўчынкі, але ў яе не было такіх перад сваёй краінай. Грахі і несправядлівасьці сапраўды былі зьдзейсьненыя, але ў адносінах да яе, і за гэта ейнай сям’і давялося заплаціць такую бязьлітасную цану», — цытуе Міхася Геніюша bellit.info.
Прадмову да ўспамінаў Ларысы Геніюш «Птушкі бяз гнёздаў», якія выходзяць у Беластоку, напісаў пісьменьнік Уладзімер Арлоў, які часта наведваў паэтку ў Зэльве. Геніюш часта называлі «Бабуляй».
«Так мы называлі яе ў лістах і тэлефонных размовах, зь любасьцю, але і з асьцярогаю, з увагі на „таварышаў маёраў“, нашых куратараў з органаў. Бабуляю яна часта была і проста ў прыяцельскіх гаворках, што маглі падслухаць чужыя вушы. Зрэшты, думаю, гэбісты цудоўна ведалі: Бабуля — Ларыса Антонаўна Геніюш».
«Апошняя сустрэча не магла быць доўгаю. Бабуля абняла нас ужо аслаблымі рукамі, багаславіла і на хвіліну замаўчала. А тады мы пачулі словы-запавет, пра якія можна сказаць: на ўсе часы. „Трымайцеся Беларусі і трымайце Беларусь“», — прыводзіць словы Ўладзімера Арлова Kamunikat.org.