40 гадоў таму студэнты-беларусы зладзілі ў Варшаве паўафіцыйнае свята з нагоды Дня Волі
- 15.03.2025, 10:45
- 1,124

Як гэта было.
40 гадоў таму некалькі студэнтаў-беларусаў у Варшаве зладзілі паўафіцыйнае свята з нагоды Дня Волі. Хто прысутнічаў на першым святкаванні 25 Сакавіка ў польскай сталіцы? Ці адрэагавалі на падзею спецслужбы камуністычнай Польшчы? Як пашыралася традыцыя святкавання Дня Волі на Падляшшы?
На гэтыя і іншыя пытанні ў перадачы «Госць Рацыі» адказвае праграмны дырэктар Беларускага «Радыё Рацыя» і ўдзельнік святкавання Дня Волі 1985 года Юрка Ляшчынскі ў размове з Міколам Бянько.

РР: Наколькі Вам блізкае Свята 25 Сакавіка, можа вашай сям’і, Вам асабіста? Калі Вы дазналіся пра гэтую дату?
Юрка Ляшчынскі: Я дазнаўся з сямейных успамінаў. Мой бацька і мая маці ў час нямецкай акупацыі былі на прымусовых работах у Нямеччыне. Так здарылася, што выпісвалі беларускія газеты, між іншым, «Раніцу». І «Раніца» пра гэта акурат пісала. Яны ўспаміналі, што такое свята ёсць. А мы ўжо, свядомыя беларусы, пасля 80-га года крыху дыхнулі свабодай і пачалі беларускае жыццё да гэтага свята прывязваць у 1985 годзе.
40 гадоў таму менавіта першы раз беларусы ў Польшчы адзначылі Свята 25 сакавіка. Хаця тыя беларусы, якія паходзілі з Заходняй ці Усходняй Беларусі, а жылі ў Польшчы пасляваеннай, яны сустракаліся, адзначалі свята, але ў такім невялічкім крузе людзей, падпольна. І гэта не было афіцыйнае ці паўафіцыйнае святкаванне.
А мы тады ў Беларускім клубе ў Варшаве па вуліцы Сенатарскай адзначылі. Былі беларускія студэнты, між іншым, наш цяперашні прэзэс Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа, Мікола Ваўранюк – наш сябра, таксама журналіст з Радыё Рацыя звязаны.
А з тых старэйшых нашых дзеячоў: спадар Сакрат Яновіч, спадар Янка Жамойцін і спадар Юрый Туронак. Усе яны ў лепшым свеце цяпер. Але тады яны прышчапілі нам гэтую ідэю 25 Сакавіка.
РР: А можаце распавесці, як 40 гадоў таму святкаванне праходзіла? У якім фармаце?
Юрка Ляшчынскі: Я яшчэ раскажу пра месца правядзення – гэта Беларускі клуб, а дакладней, Клуб БГКТ – Беларускага грамадска-культурнага таварыства. Гэта была адзіная тады беларуская арганізацыя, якая мела аддзелы ў розных месцах: у Беластоку, у Гайнаўцы, у Бельску, у Гданьску і ў Варшаве. А беларускіх студэнтаў з Беласточчыны ў той час было многа і студэнты мелі ключы да гэтага Клубу. І задумалі арганізаваць 25 Сакавіка. Удзельнікаў было менш за дваццаць асобаў, але крышку вершаў пачыталі, крыху ўспомнілі пра 25 Сакавіка, спадар Туронак, ён доктар гістарычнх навук, успомніў, як гэта святкавалася, дзе святкавалася. Кожны з іх успомніў, як гэта было ў той час, калі былі яны маладымі.
РР: У Польскай Народнай Рэспубліцы ўсё ж такі непараўнальна лепшыя былі ўмовы для дзейнасці, чым у БССР.
Юрка Ляшчынскі: У БССР былі гістарычныя гурткі, да якіх, між іншым, належыў Алесь Бяляцкі, цяпер палітзняволены. У Беларусі ў 80-я гады таксама справабалі штосьці незалежніцкае рабіць. Зрэшты, прыязджалі да нас сябры з Беларусі – старшыя навуковыя супрацоўнікі ці на практыкі навуковыя, ці проста праз TPPR – цяпер гэта забытая арганізацыя, тады яна называлася Таварыства польска-савецкай дружбы. І там былі беларусы і кантакты былі. У 1987 годзе мы праводзілі З’езд беларускай студэнцкай моладзі ў Бельску-Падляшскім. Там 170 асобаў сабралася. І падчас з’езду атрымліваем тэлеграму з віншаваннямі ад беларускай моладзі з Гародні. Так што, «зерне, кінутае ў ніву, усходзіць ды красуе».
РР: Для Вас асабіства наступствы нейкія былі ад спецслужбаў ПНР? Ці гэтае мерапрыемства прайшло незаўважна?
Юрка Ляшчынскі: У Польшчы на гэта ўвагі не звярталі, хаця ў той час польскія ўлады звярталі ўвагу на тое, якія мы кніжкі атрымліваем з Захаду, ад эміграцыі. Мелі крыху непрыемнасцяў нашы арганізатары святкавання ў Беластоку ў 1988 годзе, бо тады гэта праходзіла афіцыйна. Бо была такая палітыка ў канцы 80-х гадоў ў Польшчы: што не забаронена, дазволена. То мы дазволілі сабе святкаванне ў Медыцынскай акадэміі, у адным з інтэрнатаў ў вялікай зале развесілі банеры. І потым тых студэнтаў і студэнтак выклікалі да рэктара. Пасля высветлілася, што нічога страшнага. Таму тыя, хто хацеў сачыць, сачылі, але нічога не рабілі дрэннага.