Сяргей Дубавец пра Вільню: Сяброўства з літоўцамі заўсёды трымалася на высакароднасці і сардэчнасці
2- 22.03.2025, 19:37
- 1,200

Беларускія паэты часта пісалі менавіта пра гэты горад.
У Вільні надоечы выйшла анталогія беларускай паэзіі XX стагоддзя, прысвечаная ўласна гэтаму старажытнаму гораду. Яе ўкладальнік — журналіст і пісьменнік Сяргей Дубавец, перадае polskieradio.pl.
Паводле літаратара, ужо самога сцвярджэння Максіма Гарэцкага, што «Вільня, як вядома, самы прыгожы горад у свеце» хопіць, каб зразумець чаму беларускія паэты так часта пісалі пра яе.
— Гэта, вядома ж, абумоўлена гісторыяй, таму што Вільня 500 гадоў для продкаў сучасных беларусаў была сталіцай іхняй краіны. У Вільні друкаваліся самыя першыя на тэрыторыі нашых земляў, Вялікага Княства Літоўскага, кнігі. І, як пісаў у 20. гады мінулага стагоддзя Максім Гарэцкі: Вільня, як вядома, самы прыгожы горад у свеце.
Калі казаць як укладальнік гэтай анталогіі, я магу сцвердзіць што ў беларускай літаратуры няма іншага ўласнага імя, якому была б прысвечана такая прадстаўнічая і такая дастатковая колькасць вершаў, проста няма.
Ёсць агульныя імёны, прыкладна маці, родная мова, Беларусь. З гэтым можна параўнаць Вільню, але больш ні з чым.
- Ці ёсць нейкія Вашыя ўлюбёныя вершы пра Вільню?
— Тут фактычна прадстаўлена амаль што ўсё, што я знайшоў. А калі гаварыць пра ўлюбёныя... Таму гэта і называецца анталогія, бо ў анталогію выбіраюць улюбёнае. Таму дзве траціны гэтай паэзіі гэта мае ўлюбёныя вершы. Пачынаючы ад Купалы, Коласа, Цёткі, ад Уладзіміра Жылкі, ад Максіма Багдановіча, і г. д. Ажно да нашых сучаснікаў. Мне вельмі падабаюцца вершы пра Вільню Адама Глобуса, Алега Мінкіна, якога паэзію я наогул вельмі люблю. Так што тут усё маё ўлюбёнае.
- Я ўязджаючы ў Вільню заўсёды інтаную песню «Вільня заснула зноў...
- Ну, так, гэта Сокалаў-Воюш. Ну, на жаль, ён «ад нас далёка...» І безумоўна хацелася б такіх твораў мець болей. Вось, ён прыехаў у Вільню, напісаў адну песню, а яна абсалютна жывая, нішто з ёй не зрабілася, не стала гэта нейкай архаікай, хаця прайшло 30, 40 ці нават болей гадоў.
- У анталогіі толькі раз выкарыстоўваецца назва Вільнюс. Вільня і Вільнюс гэта два розныя гарады?
- Ну, чаму? Гэта адзін горад. Проста, так выйшла і я лічу, што вельмі добра што так выйшла, што гэта гістарычная сталіца і літоўцаў і беларусаў. У іх розныя культуры, вельмі розныя мовы і кожная называе гэты горад па свайму. Хаця, здаецца ў «Радзіннай айчыне» Чэслаў Мілаш калісьці пісаў, што «а літоўцы павінны яшчэ расказаць нам калі ўзнікла назва Вільнюс. А ўзнікла яна ў 1918 годзе, а дагэтуль была Вільня заўсёды».
Я вельмі не люблю, калі там дзе існуе абсалютнае спалучэнне двух розных нацый, пачынаюць вышукваць нешта што нас супраць сябе настаўляе. Я лічу, што гэта ідзе ад недасведчанасці, а можа і ад нявыхаванасці. Таму што наша сяброўства з літоўцамі заўсёды трымалася якраз на высакароднасці, на сардэчнасці, на высокіх пачуццях.
І калі казаць вось пра практычнае значэнне гэтай анталогіі, яна вядома ж для таго, каб па пешае пазнаёміць беларусаў з тым, пра што яны ніколі не ведалі і не чулі ў такім аб’ёме, але таксама пазнаёміць літоўцаў з беларусамі, бо сучасныя літоўцы пра беларусаў мала што ведаюць. Гэта, я думаю, вынік Савецкага Саюза, калі нас рашуча аддзялялі адны ад адных. Аднак такімі маленькімі крокамі, кнігамі, мы спрабуем навязаць нашы спрадвеку вельмі добрыя дачыненні двух народаў, іх аднавіць, адрадзіць і цаніць. Таму што справа і кантакт ідзе праз культуру, а культура не нясе ні нянавісці, ні нейкіх спрэчак зацятых: дзе тваё, дзе маё. Гэта глупства.
Іншая рэч, што Беларусь апынулася сёння ў такой сітуацыі, дзе Літва пайшла ад яе далёка на перад. Былі б мы разам у Шэнгэне, не ўзнікала б ніякіх пытанняў. Бо беларусам ад Вільні трэба толькі адно — гэта простая даступнасць, больш нічога. Тут няма прэтэнзіі на нейкія матэрыяльныя рэчы, на горад як матэрыяльную рэч - гэта глупства поўнае. Усё такі мы жывём у XXІ стагоддзі. І хаця назіраем усякае дзікунства ў свеце, тым не менш імкнёмся захаваць сябе сучаснымі людзьмі.