25 марта 2025, вторник, 8:29
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Беларус у 19 гадоў стаў інвалідам, але не здаўся: медаль у Парыжы і нядаўна – у Дубаі

Беларус у 19 гадоў стаў інвалідам, але не здаўся: медаль у Парыжы і нядаўна – у Дубаі
Андрэй Бабінскі

Незвычайная гісторыя Андрэя Бабінскага.

Да 19 гадоў мінчук Андрэй Бабінскі жыў звычайным жыццём маладога хлопца: гуляў, вандраваў, займаўся спортам, вучыўся, марыў скончыць універсітэт і працягнуць адукацыю ў Еўропе. Але ўсе планы перакрэсліла трагедыя, якая здарылася з ім у чэрвені 2017 года, піша «Трыбуна».

Тады Андрэй здаў чарговы экзамен у БДЭУ, увечары пайшоў гуляць па Мінску з сябрамі і дзяўчынай ўдзоўж Камсамольскага возера. Улюблёная была басой і парэзала нагу. Хлопец узяў яе на рукі і панёс да скамейкі, але паслізнуўся на лесвіцы, упаў, няўдала стукнуўся галавой і апынуўся тварам у вадзе:

– Мог захлынуцца, каб не cябры: перавярнулі мяне на спіну, потым паднялі пад рукі і пасадзілі на лавачку. Ужо потым я даведаўся, што так нельга было рабіць. Калі б пакінулі мяне ў ляжачым стане, можа, ужо хадзіў бы...

Але тады пра гэта ніхто не думаў. Хлопцы выклікалі хуткую дапамогу. Пакуль на лаўцы чакаў медыкаў, зразумеў: не магу паварушыцца, але вырашыў, што гэта праз шок. Адыду ад яго і ўсё зменіцца, – распавядаў Бабінскі прапагандысцкаму выданню «БелТА».

У бальніцы ў Андрэя выявілі аскепкавы пералом двух шыйных пазванкоў з ударам спінога мозга. Гэта прывяло да паслаблення сілы цягліц рук і параліча ног – лекары не верылі, што Андрэй ачуняе, казалі, што ў яго не будзе нармальнага жыцця і ён будзе «гароднінай».

– Гэта было дзіка: учора ты хадзіў, а сёння толькі галавой верціш і ўсё... Было балюча, што я не магу сам павярнуцца, нешта зрабіць, узняцца, паесці. Я проста размаўляў і мог міргаць, – расказваў Бабінскі.

З дзяўчынай Андрэй растаўся праз месяц: яна была не гатовая да таго, што яе малады чалавек апынецца ў такім становішчы – і хлопец яе не вінаваціў.

Пазней былі працяглыя рэабілітацыі ў Беларусі і Расіі, падчас якіх здарыліся ўскладненні, якія ледзь не забілі яго. Але, насуперак песімісцкім прагнозам медыкаў, Бабінскі часткова аднавіўся і вярнуўся дадому праз 8 месяцаў — у інвалідным вазку і ў вельмі дэпрэсіўным стане.

Тым не менш, хлопец не здаўся і пачаў вяртацца да звычайнага жыцця: атрымаў правы кіроўцы, аднавіўся ва ўніверсітэце і скончыў яго, абараніўшы дыплом на 10 балаў. У 2023 годзе Андрэй Бабінскі атрымаў другую вышэйшую адукацыю – у сферы айці.

Да таго ж, раней Андрэй быў вельмі актыўным: займаўся валейболам, баскетболам, водным пола і футболам. Выпадкова знайшоў і новае спартыўнае захапленне:

– Каля дома ёсць будаўнічы магазін. Пайшоў пакупаць лямпу і сустрэў там намесніка дырэктара [РЦАП] па паралімпійскім відам спорту. Ён прапанаваў пайсці паспрабавацца ў кіданні булавы. Я пагадзіўся, прыйшоў на адну дзве трэніроўкі – і вось так зацягнула, – расказваў Бабінскі.

Было складана, бо ў хлопца дрэнна дзейнічаюць пальцы на руках. Але праз 6 гадоў пасля трагедыі, 21 чэрвеня 2023 года, Андрэй Бабінскі паўдзельнічаў у сваіх першых рэспубліканскіх спаборніцтвах – заняў другое месца, кінуўшы снарад на 24,61 метры, і выканаў нарматыў на майстра спорту ў кіданні булавы.

Пасведчанне аб статусе МС мужчыне выдалі праз год, 22 чэрвеня 2024 года, на тым жа рэспубліканскім спаборніцтве, дзе ён зноў стаў другім і палепшыўшы асабісты рэкорд (27,53 метры).

Напрыканцы чэрвеня мінулага года Андрэй Бабінскі ўпершыню паўдзельнічаў у міжнародным спаборніцтве – узяў удзел на турніры Гран-пры па паралімпійскай атлетыцы ў Парыжы, дзе заняў 2-е месца.

А 13 лютага 2025 года Бабінскі заняў трэцяе месца на параатлетычным Гран-пры па лёгкай атлетыцы ў Дубаі з вынікам 28,32 метры. Дарэчы срэбра ўзяў яшчэ адзін беларус: Уладзіслаў Грыб кінуў снарад на 32,8 метры.

Акрамя спорту Бабінскі вядзе актыўнае сацыяльнае жыццё: выступае з матывацыйнымі прамовамі на розных мерапрыемствах, вядзе сацыяльныя сеткі. На яго Instagram падпісаны 103 тысячы чалавек, у TikTok – 419 тысяч падпісчыкаў. Кантэнт здымае на самыя разнастайныя тэмы: як наведвае канцэрты, праходзіць рэабілітацыі, займаецца спортам і заўзее за хакейнае мінскае «Дынама».

– Я мог бы сядзець дома і бедаваць, што ўсё прапала і нічога добрага ўжо не здарыцца. Але абраў не апускаць рукі, не зацыклівацца на сваіх абмежаваннях, а перавесці фокус увагі на свае магчымасці.

Я хачу на сваім прыкладзе паказаць, што такі дыягназ, як у мяне, не прысуд, – кажа пра сябе Андрэй Бабінскі.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях