«Радасць! Вось яно — самае велікоднае слова ў нашай мове»
- 19.04.2025, 18:23
- 1,012

Пасхальнае пасланне архіепіскапа Гарадзенскага і Ваўкавыскага Антонія.
Гродзенская епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы апублікавала пасхальнае пасланне архіепіскапа Гарадзенскага і Ваўкавыскага Антонія:
— Пачэсныя айцы, дарагія браты і сёстры!
Хрыстос уваскрос!
Сапраўды ўваскрос Хрыстос!
Радасць! Вось яно — самае велікоднае слова ў нашай мове. Уся паўната Царквы абвяшчае нам радасць вялікую: уваскрэс Хрыстос — і смерць пераможана! Уваскрэс Хрыстос — і пекла зруйнавана! Уваскрэс Хрыстос — і трыумфуе Жыццё!
Паводле думкі свяшчэннамучаніка Іларыёна (Троіцкага), у Хрысце чалавечая прырода атрымала «прышчэпку нятлення». Бог з любові да Свайго стварэння стаў чалавекам, каб вылечыць нашу сутнасць, пашкоджаную хваробай граху. Зусім не выпадкова святыя айцы вучаць, што ў асобе Хрыста чалавечы пачатак з’яднаўся з Бажаством неразлучна і непадзельна. Уваскрэс з мёртвых не толькі Бог — уваскрэс Богачалавек! «Страшная была смерць роду чалавечаму, — кажа свяшчэннамучанік Іларыён, — але пасля Хрыстовага Уваскрасення чалавек стаў страшны для смерці». Менавіта таму Уваскрасенне Хрыстова — гэта больш чым падзея, якая адбылася ў Іерусаліме дзве тысячы гадоў таму! Пасха Хрыстова мае дачыненне да кожнага з нас, гэта наш агульны скарб, наша «духоўная вясна», як цудоўна кажа свяціцель Грыгорый Багаслоў.
Калі Я буду ўзнесены ад зямлі, усіх прыцягну да Сябе (Ін. 12:32), — прапаведаваў Збаўца апосталам, маючы на ўвазе Сваю Крыжовую ахвяру. Сапраўды, з вышыні Галгофы Хрыстос раскрыў Свае абдымкі ўсяму чалавецтву. А зараз, услухоўваючыся ў велікоднае богаслужэнне, мы чуем дзівосны заклік: «Радасна адзін аднаго абдымем!» Імкнучыся да Хрыста Уваскрэслага, мы заўсёды робімся бліжэй і радней адзін адному!
Для прападобнага Серафіма Сароўскага кожны дзень быў малым Вялікаднем. Мы ведаем, што гэты сусветна праслаўлены ўгоднік Божы сустракаў паломнікаў словамі: «Хрыстос уваскрэс, радасць мая!» Згодна са сведчаннямі відавочцаў, падобным чынам размаўляў з людзьмі духаносны старац ХХ стагоддзя — прападобны Парфірый Каўсакалівіт. «Будзь благаславёны», «які ты добры» — так ён казаў наведвальнікам, якіх часта ўпершыню бачыў. Святыя сардэчныя, яны прымаюць людзей з мірам і любоўю. І цяпер, калі Царква святкуе Хрыстова Уваскрасенне, нам вельмі важна падняць на сябе хаця б часцінку гэтага подзвігу — подзвігу сардэчнага стаўлення да бліжніх.
Хто дзеліцца радасцю — здабудзе яе памножанай! Прападобны Паісій Святагорац сцвярджаў, што Божую радасць прымае той, хто дае. Жанчыны-міраносіцы прынеслі Уваскрэсламу Збаўцу духмяныя рэчывы, а мы з вамі будзем старацца, каб водар добрых спраў суправаджаў нас на ўсім жыццёвым шляху.
І няхай над нашай Гарадзенскай зямлёй гучыць светлая вестка:
Хрыстос уваскрэс!
Сапраўды ўваскрэс Хрыстос!