8 апреля 2025, вторник, 19:39
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Ларыса Геніюш: змаганне пры жыцці і пасля яго

12
Ларыса Геніюш: змаганне пры жыцці і пасля яго

Няскораная — менавіта такі эпітэт найбольш ёй пасуе.

Сёння — дзень памяці Ларысы Геніюш. Усё яе жыццё было прыкладам служэння Айчыне і змагання, у якім яе так і не змаглі перамагчы. Нават праз 40 гадоў пасля спачыну паэткі некаторым адэптам руска-савецкага імперыялізму не дае спакою яе імя. Настолькі, што яны запатрабавалі знішчыць помнік Ларысе Геніюш, усталяваны на падворку праваслаўнай царквы ў Зэльве, дзе яна жыла, піша «Новы час».

Нават пры сённяшнім бязлітасным размаху рэпрэсій у Беларусі нам далёка да таго, што перажыла сям’я Ларысы Геніюш (што, тым не менш, ніякім чынам іх не апраўдвае). На долю паэткі выпаў увесь іх магчымы «набор»: расстрэл бацькі, высылка маці з сёстрамі, ад’езд з радзімы, зняволенне і экстрадыцыя ў савецкую Беларусь, а там — тэрмін у ГУЛАГу, які сёння беларускі суд выстаўляе абвінавачаным у «тэрарызме».

Як і многія з цяперашніх палітвязняў, па траплянні ў БССР Ларыса Геніюш была змешчана ў мінскую «амерыканку» — сёння СІЗА КДБ, прайшла праз прыніжэнні і допыты. Аднойчы яе дапытваў сам кіраўнік МДБ БССР Лаўрэнцій Цанава, патрабуючы выдаць архіў БНР, які яна ўпарадкавала, жывучы ў Празе. Але зламаць Геніюш не змог і ён. Тады паэтку адправілі ў ГУЛАГ на 25 гадоў. Такі ж тэрмін прысудзілі і яе мужу Янку Геніюшу.

Іх сын Юрка, які на той час уваходзіў у падлеткавы ўзрост, застаўся за мяжой і быў адарваны ад бацькоў на доўгія гады, што ў выніку прывяло да сямейнай драмы.

Але гісторыя кажа нам, што няма нічога вечнага. І дыктатуры, якімі б непахіснымі яны не здаваліся, руйнуюцца. Часам пакідаючы па сабе зламаныя жыцці. З адмеранай чвэрці стагоддзя Ларыса Геніюш правяла ў няволі восем гадоў. Але і там, у лагерах, яна займела павагу сярод вязняў (яе нават называлі «маці», а яе вершы — «глюкозай») і не здрадзіла сабе і сваім перакананням.

А яшчэ, нават па вызваленні, яна так і не прыняла савецкага грамадзянства, хоць да скону дзён жыла ў Зэльве. Валодаючы найвышэйшымі маральнымі якасцямі, яна не магла належаць да дзяржавы, якая была пабудавана на крыві і скалечыла жыцці мільёнам людзей.

Нават ужо на волі «органы» не спускалі з яе сваіх пільных вачэй. Тым не менш дом Ларысы Антонаўны ў Зэльве стаў месцам паломніцтва для самых розных беларускіх творцаў. Яна стала тым мастком, праз які каштоўнасці шчырай, адданай, глыбокай любові да Бацькаўшчыны перайшлі да новага пакалення беларусаў і працягваюць перадавацца далей. І, варта прызнаць, не ўсім гэта падабаецца.

Ларыса Геніюш мела няпросты характар, яна не трывала і драбка няшчырасці і праз гэта рвала стасункі з людзьмі нават, здавалася б, «свайго» кола. Яна і дасюль застаецца «нязручнай». Улады — і савецкія, і пазнейшыя — так і не рэабілітавалі Геніюш. А ў 2023-м вайну абвясцілі ўжо яе помніку.

Бо гэты помнік — больш, чым помнік паэтцы. Гэта манумент нескаронасці рэпрэсіўнай таталітарнай сістэме. Менавіта таму яго, нават усталяванага на падворку местачковай царквы, куды не ўсялякі турыст даедзе, так баіцца «рускі мір». Баіцца настолькі, што патрабуе знішчыць. Але беларусы і тут перагулялі брутальныя напады «інфаспецназа» і прыхавалі помнік да лепшых часоў. Нават не сумняваючыся, што яны абавязкова надыдуць. Здаецца, што, гледзячы на гэтую мышыную валтузню з вышынь Нябеснай Беларусі, Ларыса Антонаўна толькі іранічна пасміхаецца.

Написать комментарий 12

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях