У Беластоку стартуюць 39-я Дні Сучаснага Мастацтва
- 8.05.2025, 15:48

Сёлета фестываль мае асаблівае значэнне.
У Беластоку прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная адкрыццю 39-х Дзён Сучаснага Мастацтва — аднаго з найбуйнейшых фестываляў у рэгіёне, прысвечаных сучаснай творчасці. Сёлета фестываль мае асаблівае значэнне, уваходзячы ў культурную праграму польскага старшынства ў Радзе Еўрапейскага Звяза, паведамляе «Радыё Рацыя».
Кажа намеснік прэзідэнта горада Рафал Рудніцкі:
- Пра выключны характар гэтай падзеі гаворыць тое, што яна ўпісана ў культурную праграму польскага старшынства ў Радзе Еўрапейскага Звяза. У асноўным яна базуецца на імпрэзах, звязаных з тэатрам, але таксама будуць імпрэзы, звязаныя з выяўленчым мастацтвам, музыкай.
Намесніца дырэктара Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку і куратарка беларускай часткі праграмы Ілона Карпюк прадставіла імпрэзу памяці Анатоля Сыса:
– Самае важнае, што трапляем з беларускай культурай, з беларускім тэкстам, словам, з праектамі, якія лічым важнымі, да шырокага кола слухачоў, гледачоў. Праграма, дзе слухач прыйдзе і будзе слухаць беларускі тэкст, беларускага паэта, якога няма ўжо 20 гадоў. Чалавек, які адназначна звязаны лакальным беларускім патрыятызмам, з другога боку, цудоўна валодае рознымі метафарамі.
Канцэрт музычнага праекта Pan Les, заснаванага на паэзіі выбітнага беларускага паэта Анатоля Сыса, у межах 39-х Дзён Сучаснага Мастацтва адбудзецца 23 траўня у кінатэатры Forum. Пачатак а 19:00. Уваход вольны.
